“Сімвал адзінства” аб’яднаў краіну

Галоўнае Улада

У Мінску прайшоў VII пленум Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Удзел у пленарным пасяджэнні прынялі больш за дзвесце прафактывістаў з усёй краіны.

Прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў і абласных аб’яднанняў сабраліся ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў, каб падвесці вынікі года адыходзячага і пазначыць задачы на будучыню.

На парадку дня былі пытанні занятасці, своечасовай выплаты заработнай платы, аховы працы, забеспячэння сацыяльных гарантый, абароны законных правоў і інтарэсаў працоўных.

На пасяджэнні старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда адзначыў, што стабільнасць і дабрабыт грамадства залежаць ад кожнага з нас.

Сёння быў падведзены і вынік важнай і важкай падзеі – сумеснай акцыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі” і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Сімвал адзінства”, з якой “патрыёты” аўтапрабегам праехалі па ўсёй рэспубліцы.

Падчас аўтапрабегу збіраліся сімвалічныя элементы (шасцярэнькі) для фінальнага дзеяння праекта. Мэтай яго было паказаць, што мы ўсе – адзіны механізм і, адпаведна, не можам існаваць адзін без аднаго. На маштабным канцэрце ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску ўсе шасцярэнькі з розных раёнаў краіны на сімвалічнай вялікай карце Беларусі злучыліся разам.

На ўрачыстасці старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэю Садоўскаму быў уручаны гадзіннік, які складаецца са 118 сімвалічных дэталяў-шасцяронак – па колькасці раёнаў Беларусі.

Такога падарунка былі ўдастоены 12 раёнаў рэспублікі, якія прынялі найбольш актыўны ўдзел у акцыі.

Дзятлаўшчына прыняла ўдзельнікаў аўтапрабегу 23 верасня. У нашым раёне яны наведалі брацкую магілу воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінулых пры вызваленні Дзятлаўскага раёна, магілы Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова, дзе прайшоў памятны мітынг і была ўстаноўлена інфармацыйная таблічка з нанесеным QR-кодам, арганізавалі канцэрт зорак беларускай эстрады.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga