Школьны мерыдыян

Грамадства Свежыя навіны

Пабывалі ў гасцях у вайскоўцаў

Патрымаць сапраўдную зброю, палётаць на трэнажоры самалёта ЯК-130, пазнаёміцца з побытам вайскоўцаў пашчасціла навучэнцам Круцілавіцкай сярэдняй школы ў час экскурсіі ў вайсковую часць горада Ліды.

Дзецям расказалі пра зброю, правялі майстар-клас па разборцы і зборцы аўтамата, далі нават папрактыкавацца самім. Акрамя гэтага, яны пазнаёміліся  з сучаснай ваеннай тэхнікай, якая тут знаходзіцца, паспрабавалі выканаць галавакружныя лётныя трукі на трэнажоры самалёта – “бочку”, “пятлю Несцерава” і іншыя. На свае вочы школьнікі пабачылі, наколькі нялёгкая і адказная праца ваеннага, наколькі розныя ўяўленні аб вайсковай службе, навязаныя (часта аддаленымі ад рэчаіснасці) інтэрнэтам і камп’ютарнымі гульнямі стэрэатыпамі.

Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя

 

Так называлася класная гадзіна, якая прайшла ў 1 класе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, у час якой дзеці ўспомнілі, якія прафесіі яны ведаюць, падзяліліся, кім працуюць іх бацькі, пазнавалі прафесіі па апісанні, пагулялі ў гульні.

Але самым цікавым момантам стала сустрэча з міліцыянерам-кінолагам групы затрымання Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ Дзмітрыем Абрамчыкам і яго верным сябрам і памочнікам – нямецкай аўчаркай Громам. Дзмітрый Барысавіч расказаў аб сваёй прафесіі і аб тым, як ён трэніруе сабаку, а Гром паказаў, якія каманды ўмее выконваць.

А ў канцы мерапрыемства дзеці  сфатаграфаваліся з Громам і нават прымерылі на сябе бронекамізэльку і каску работніка міліцыі.

Калі захапленне ў радасць

Вядома, што кожны выбірае занятак для душы. У сённяшніх школьнікаў для гэтага ёсць усе магчымасці: майструй, танцуй, спявай, шый… А вось навучэнцы 2 і 3 класа Дварэцкай сярэдняй школы з вялікай цікавасцю наведваюць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Папяровыя фантазіі”. Яны ўжо асвоілі тэхніку “Модульнае арыгамі” і сабралі сабе папяровага сябра – кураня, выкарыстоўваючы схемы і мультымедыйную прэзентацыю. На занятках у аб’яднанні дзеці і далей будуць асвойваць розныя цікавыя тэхнікі работы з паперай.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga