З 5 снежня па 13 студзеня на Дзятлаўшчыне праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя “Цуды на Каляды”.
Гэтымі днямі валанцёры Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прымяраюць на сябе ролю добрых чараўнікоў, дораць падарункі і цёплыя словы тым, хто мае ў іх патрэбу.
Па традыцыі першы сакратар ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык з салодкімі падарункамі завітала ў сем’і Млынарчыкаў у Раклевічах, Асіпукоў-Фатонаў, Гушчаў, Пратасоў, Сянчурыных у Дзятлаве, у кожнай з якіх выхоўваюць прыёмных дзяцей. Яна павіншавала ўсіх са светлымі святамі, пажадала моцнага здароўя і спаўнення самых смелых мараў.
– Моладзевая ініцыятыва зробіць свой уклад у скарбонку добрых спраў Нацыянальнага навагодняга дабрачыннага праекта “Нашы дзеці”. Бо яго галоўная задача – акружыць цяплом і клопатам нашых маленькіх землякоў – выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмных сем’яў, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, дзяцей-інвалідаў, якія асабліва маюць патрэбу ў гэтым у навагоднія і калядныя дні, – расказала Кацярына Уладзіміраўна.
На гэтым цуды не заканчваюцца. Валанцёры місіі “Добрае сэрца” Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прадоўжаць радаваць, віншаваць і дапамагаць дзятлаўчанам на працягу ўсяго новага 2023 года.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga