На Дзятлаўшчыне прайшоў ХХ пленум раённага савета ГА “БРПА” па тэме “Шляхі і сродкі ўдасканалення дзейнасці дзіцячых і моладзевых грамадскіх аб’яднанняў у сучасным сацыякультурным асяроддзі: вопыт, тэндэнцыі, перспектывы”.
У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава форум сабраў разам прадстаўнікоў 12 піянерскіх дружын раёна, членаў раённай дзіцячай палаты, гарадскога піянерскага штаба, раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, дэпутатаў моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў. На сустрэчу былі запрошаны першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай.
Аб тым, што Год гістарычнай памяці стаў багатым на падзеі для маладых дзятлаўчан, расказала старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка. Яна прааналізавала сёлетнюю дзейнасць піянерскіх дружын і намеціла перспектывы іх далейшага развіцця.
Больш наглядна аб піянерскіх справах “расказаў” віртуальны экспрэс “Ствараем! Прадпрымаем! Дзейнічаем!”. Свае кароткія відэаролікі ў рамках абласнога конкурсу “Канікулы ў стылі “БРПА” прэзентавалі піянерскія дружыны Гезгалаўскай, Новаяльнянскай, Дварэцкай сярэдніх і Жукоўшчынскай базавай школ. Стужкі па выніках раённага этапу рэспубліканскага конкурсу навукова-папулярнага відэа “Тэрыторыя ведаў” прадставілі піянеры з Гезгал, Дварца, Круцілавічаў, Жукоўшчыны.
На пляцоўцы крэатыў-студыі “Мы разам” прысутным прапанавалі ўключыцца ў квэст-гульню і прайсці “Па слядах Перамогі”, узгадаўшы подзвігі герояў Вялікай Айчыннай вайны, вялікіх палкаводцаў, салдацкія песні і многае іншае. Пераможцаў журы вызначала ў дзвюх узроставых катэгорыях. У групе піянераў 10-14 гадоў перамагла каманда новаяльнянскіх школьнікаў, на другой пазіцыі аказаліся піянеры з Дварца, трэцяе месца падзялілі каманды Хвінявіцкай і сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.
Пераможцамі ва ўзроставай катэгорыі моладзі 15-16 гадоў сталі каманды Круцілавіцкай і Казлоўшчынскай сярэдніх школ.
Прыемным момантам пленума было ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў раённых этапаў абласных і рэспубліканскіх моладзевых конкурсаў.
Напрыканцы падвялі вынікі форуму: яго ўдзельнікі сышліся на думцы, што ў наступным годзе павінны быць не менш актыўнымі як у піянерскіх справах, так і ў валанцёрскай дзейнасці.
Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Ірынай МІШЧАНКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga