Пазнаеш Беларусь – прыязджай на Дзятлаўшчыну

Важнае Спорт і турызм

Любы турыст нашай рэспублікі, ды і аматар падарожжаў з замежных краін, пракладваючы цікавы маршрут па Беларусі, не памыліцца, калі возьме на заметку вынікі ХХ юбілейнага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь”, які праводзіцца Нацыянальным агенцтвам па турызме пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Жадаеце ўключыць у геаграфію сваёй вандроўкі адно з лепшых турыстычных мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці ці “Санаторый года-2022” – тады вам на Дзятлаўшчыну, бо менавіта дзятлаўчане сёлета адзначаны ўзнагародамі гэтых намінацый.

Пра ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання ХХ турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь” расказала яе ўдзельніца, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка:

– Узнагароджанне пераможцаў праходзіла ў Мінску, у культурна-спартыўным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. Адметна, што ў састаў конкурснага журы ўваходзілі вядомыя людзі краіны, у тым ліку члены міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме, што створаны пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, таму дыпломы пэўных намінацый у час узнагароджання пераможцам уручалі куратары сфер.

Удзельнікаў урачыстасці павітаў міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук. Было адзначана, што сёлета на конкурс паступіла 844 заяўкі ў 13 намінацыях, як традыцыйных, так і новых. Наша намінацыя была “навінкай” і называлася “Турыстычнае мерапрыемства, прысвечанае Году гістарычнай памяці”. Яе выбралі, калі знаёміліся з конкурснымі палажэннямі. Вядома ж, улічылі мэтанакіраваную работу, што вялася з 2021 года. Абралі менавіта веламаршрут № 489 “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, арганізацыя якога ажыццяўлялася на працягу года і ўключала збор матэрыялу, падрыхтоўку аб’ектаў, іх добраўпарадкаванне. З выбарам не прагадалі: ён атрымаў высокую ацэнку і мы ўвайшлі ў састаў лідараў намінацыі, адзначаны ўзнагародамі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Не менш прыемна, што лаўрэатам у сваёй паднамінацыі сёлета стаў санаторый Дзятлаўшчыны “Альфа Радон”, які быў высока ацэнены па ўсіх крытэрыях. Актыўнае супрацоўніцтва з “Альфа Радонам” у нашым раёне пачаў народны музей “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы, зацікавіла санаторый і сувенірная прадукцыя школьнай бізнес-кампаніі, спадзяёмся, і гэта ў далейшым дасць свой станоўчы вынік.

Ганарымся сваёй перамогай, разумеем адказнасць за яе і наколькі для нас важна тое, чым займаемся, асабліва ў Год гістарычнай памяці.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі цырымоніі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: