Новы год прыходзіць з сябрамі

Важнае Грамадства

Цёплае навагодняе свята завітала ў Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў рамках дабрачыннай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Падарункі і цікавыя сюрпрызы для выхаванцаў установы падрыхтавалі ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец і педагог-арганізатар раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, яна ж старшыня раённай арганізацыі ГА “БРПА” Ірына Мішчанка і валанцёры аб’яднання.

Дзеці з педагогамі з нецярпеннем чакалі сустрэчы з гасцямі, надзелі касцюмы, запалілі агеньчыкі на ёлцы.

Са шчырымі пажаданнямі моцнага здароўя і мірнага неба над галавой ад калектыву ваеннага камісарыята раёна развіваючыя цацкі і гульні дырэктару карэкцыйна-рэабілітацыйнага цэнтра Марыне Гуговіч уручыў Генадзь Суравец.

А вось каб атрымаць прыемныя прызы ад піянерскай арганізацыі, асаблівым дзецям давялося павесяліцца, перавыхаваць Бабу Ягу, ролю якой выдатна выканала Ірына Мішчанка, выратаваць Снягурачку і разгадаць навагоднія загадкі Дзядулі Мароза. Вядома ж не абыйшлося без дружных карагодаў, якія вадзілі разам з гасцямі.

Напрыканцы святочнай сустрэчы кожны выхаванец цэнтра ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” атрымаў салодкі падарунак, не менш прыемным дапаўненнем да цукерак сталі тыя станоўчыя эмоцыі і добрыя ўражанні, якія пакінуў візіт гасцей.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga