Навагоднія забавы з рызыкай для жыцця

Важнае Здарэнні і бяспека

Новы год – самае радаснае і яскравае свята ў гадавым календары.

Аднак нават яго можа азмрочыць чалавечая неасцярожнасць і неабачлівасць. На жаль, нярэдкія выпадкі, калі аматары яркай і гучнай піратэхнікі з вясёлага свята з траўмамі трапляюць у прыёмны пакой бальніцы або на прыём да хірурга. Аб тым, якія наступствы могуць мець забаўкі з петардамі, расказала намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Алена Якубоўская:

– Практычна ніколі навагоднія святы не абыходзяцца без выкарыстання піратэхнікі, якая ёсць у продажы ў гандлёвай сетцы. Аднак не ўсе прымяняюць яе акуратна, па прызначэнні, і ў выніку становяцца пацыентамі бальніцы. У Дзятлаўскую ЦРБ неаднаразова звярталіся пацярпелыя з апёкамі рук і іншых частак цела. Былі і больш сур’ёзныя пашкоджанні органаў, калі хірургам даводзілася не адну гадзіну ратаваць пацыентаў на аперацыйным стале. Дзякуй богу, пакуль не маем такой “свежай” статыстыкі. Але нядаўні выпадак у Мастах, калі ў руках у 67-гадовага мужчыны, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, выбухнула петарда, паказвае, што неабачлівасць людская не ведае межаў і ўзросту. Пацярпелы ў выніку сваіх жа дзеянняў атрымаў апёкі рукі і застаўся без пальца. І гэта не самае страшнае, чым можа пагражаць піратэхніка. Калі петарда выбухне побач з артэрыяй, смерць можа наступіць у лічаныя хвіліны, тады нават медыкі не паспеюць выратаваць жыццё.

Заўважу, што піратэхнічныя вырабы небяспечныя не толькі ў запаленым стане, яны могуць “здэтанаваць” ад звычайнага трэння, у нашай практыцы былі і такія выпадкі. Таму ні ў якім разе не насіце петарды і феерверкі ў кішэнях, не дазваляйце браць піратэхніку дзецям. Нагадаю, што небяспеку нясуць таксама і бенгальскія агні, аснова якіх награецца да высокіх тэмператур, а таксама сучасныя хлапушкі.

Вядома, сертыфікаваныя піратэхнічныя вырабы дазволена выкарыстоўваць. Але рабіць гэта варта па інструкцыі, з асцярожнасцю і абавязкова цвярозымі. Выконвайце гэтыя простыя рэкамендацыі, і навагоднія святы будуць не толькі радаснымі для вас, але і спакойнымі для медыцынскіх работнікаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga