Час не стаіць на месцы, у наша жыццё ўсё больш упэўнена прыходзяць камп’ютарныя тэхналогіі.
Сёння аформіць любы від страхоўкі прасцей, чым заварыць кубачак кавы. Аднак усё адно ў гэтай сферы не абысціся без людзей, сапраўдных віртуозаў сваёй справы. Аб рабоце, клопатах і поспехах сучасных страхавых работнікаў з нагоды прафесійнага свята расказаў намеснік дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне Дзмітрый Козел:
– 2022 год для ўсіх нас стаў сапраўдным выпрабаваннем. Аднак у гэтых умовах не зменшылася колькасць заключаных страхавых дагавораў: людзі імкнуцца быць абароненымі на выпадак непрадбачаных сітуацый. Па-ранейшаму самымі папулярнымі з’яўляюцца страхаванне жылля і маёмасці, транспарту, здароўя. Фізічныя асобы найчасцей афармляюць страхоўку на выпадак атрымання траўм, юрыдычныя – па добраахвотным страхаванні медыцынскіх расходаў. Усё больш нашых кліентаў сёння аплачвае дагавор страхавання праз мабільны або інтэрнэт-банкінг. З верасня анлайн-аплату грамадзянскай адказнасці вадзіцеляў могуць ажыццяўляць і юрыдычныя асобы.
– Раскажыце пра новыя цікавыя віды страхавання.
– З верасня гэтага года мы аказваем паслугу па страхаванні рызыкі карыстання пластыкавымі карткамі. Страхавымі выпадкамі з’яўляюцца як страта, размагнічванне карткі, так і махлярскія дзеянні ў яе дачыненні з боку трэціх асобаў. Таксама папулярна комплекснае страхаванне жылля і маёмасці, цяпер яму падлягаюць не толькі кватэры, але і жылыя дамы. Усё часцей кліенты заключаюць дагавор страхавання адказнасці ўласніка кватэр, каб у выніку непрадбачаных сітуацый не высвятляць адносіны з суседзямі ў судзе, а атрымаць кампенсацыю.
– Ці часта даводзіцца рабіць вялікія выплаты па страхоўцы?
– Амаль штогод здараецца некалькі такіх прэцэдэнтаў. Напрыклад, сёлета мужчына, які застрахаваў аўтамабіль па добраахвотнай страхоўцы, патрапіў у сур’ёзнае дарожна-транспартнае здарэнне. Страхавая кампанія цалкам аплаціла выдаткі на рамонт транспартнага сродку на станцыі тэхабслугоўвання, што склала больш за 20 тысяч рублёў. Прадаўжаць дагавор на новы тэрмін ён прыехаў нават без напаміну. Праводзілі выплаты ў выніку пажараў, калі людзі страчвалі прысядзібныя пабудовы, кліенты засталіся задаволены сумай выплат. Насамрэч, мы ніколі не дзелім страхавыя выпадкі на больш ці менш сур’ёзныя: кожны з іх патрабуе не толькі матэрыяльнай кампенсацыі, але і тактоўнасці, маральнай падтрымкі, якую кампетэнтна аказваюць нашы прафесіяналы.
– У чым сакрэт эфектыўнай работы прадстаўніцтва?
– Мы ніколі не стаім на месцы, адпавядаем сучасным рэаліям. Усе страхавыя агенты праходзяць навучанне па валоданні новымі праграмамі, бо 80 % дагавораў афармляецца ў камп’ютары. Сёння мы на сувязі з усёй краінай і бліжэйшым замежжам: цяпер дагавор страхавання можна заключыць або прадоўжыць анлайн з іншага горада, гэтым актыўна карыстаюцца гараджане, уладальнікі нежылых вясковых дамоў. Але самае каштоўнае – гэта нашы работнікі. У калектыве прадстаўніцтва выдатны сінтэз вопыту і маладосці. Сярод вопытных прафесіяналаў – наш дырэктар, выдатнік Белдзяржстраху Сяргей Пыл, спецыялісты Сяргей Калашнікаў, Павел Пятроўскі, Ірына Бычко, Ірына Пыл, Ірына Баброўская, Іна Ермаловіч, Пётр і Ганна Башкоўскія, якія разам больш за дзесяцігоддзе прысвяцілі страхавой рабоце, нядаўна выйшлі на заслужаны адпачынак, але не развіталіся з любімай работай, актыўна прыходзяць і маладыя кадры.
– Што пажадаеце калегам да прафесійнага свята?
– Самае важнае пажаданне – моцнага здароўя работнікам, іх сем’ям, поспехаў у рабоце, добрага настрою і рэалізацыі планаў, а таксама спакою і цяпла ў доме. Ветэранам арганізацыі – здаровага даўгалецця і дастатку. Нашым кліентам – дабрабыту і менш страхавых выпадкаў.
Наталля АВЯРЧУК