Дзелавы панядзелак. “Рэпетыцыя” першага цэнтралізаванага экзамену і бяспека жыццядзейнасці

Важнае Улада

Гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на традыцыйнай штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Беражыце сябе, клапаціцеся пра блізкіх

Першым чынам гаварылі пра акалічнасці трагедыі, якая адбылася 17 снежня ў Мінску, дзе ў выніку выбуху і пажару ў кватэры пяціпавярховага дома загінулі 6 чалавек. Узнімалася гэта тэма і на відэаканферэнцыі губернатара вобласці Уладзіміра Караніка, якая папярэднічала нарадзе ў старшыні райвыканкама.

– У цэлым газазабяспечвальнымі арганізацыямі праводзіцца сістэмная планавая работа па тэхнічным абслугоўванні ўнутрыдамавых газаправодаў, газавага абсталявання, якое знаходзіцца ў карыстанні ў грамадзян у побыце. Цяпер гэта работа будзе ўзмоцнена. Дадаткова вызначаны напрамкі, дзе і якім чынам першапачаткова будзе праведзены агляд газавага абсталявання, у якіх жылых дамах, з мэтай пацвердзіць, што ўсё працуе надзейна і бяспечна. Таксама адказныя службы раёна правядуць растлумачальную работу з грамадзянамі пра смяротную небяспечнасць захоўвання лёгкаўзгаральных вадкасцяў у доме, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Сезон небяспечных забаваў

На кантролі службаў раёна – знаходжанне людзей на вадаёмах.

Як праінфармаваў начальнік РАНС Сяргей Казушчык, небяспеку выклікае як сам лёд, які павінен дасягнуць пэўнай таўшчыні (не менш за 7 сантыметраў), так і снег, які на яго выпаў – пад яго цяжарам лёд можа патрэскацца. Але рыбакі і тыя, хто вырашае скараціць свой шлях праз вадаём, гэтага не ўбачаць. Акрамя таго, бліжэйшы тыдзень абяцае плюсавыя тэмпературы.

Маніторынг знаходжання людзей на вадаёмах будзе працягвацца.

Бясстрашны пешаход

Яшчэ адна актуальная тэма бяспекі. Дзяржаўтаінспекцыя ўзмацніла кантроль за пешаходамі ў сувязі з ускладненай сітуацыяй на дарогах – за няпоўны тыдзень у Гродзенскай вобласці адбылося 5 ДТЗ з удзелам пешаходаў, у двух з іх яны загінулі. У Ваўкавыскім раёне вадзіцель рэйсавага аўтобуса ў цёмны час сутак наехаў на пешахода – мужчына, які быў без флікера.

Прафілактычную работу па неабходнасці абазначэння сябе ў цемры флікерамі супрацоўнікі ўнутраных спраў праводзяць пастаянна. Толькі, на жаль, не ўсе, хоць гэта прапісана ў правілах дарожнага руху, лічаць патрэбным насіць на сабе флікеры. А яны ратуюць жыццё.

На нарадзе прагучала прапанова: у час навагодніх святочных мерапрыемстваў у падарункі для дзяцей ад арганізацый, прафсаюзаў дакупіць флікеры – недарагая рэч, але жыццёва важная.

Лясная сталовая

На неабходнасці своечасовай падкормкі лясных жывёлаў завастрыў увагу лясной гаспадаркі і таварыства паляўнічых і рыбаловаў старшыня райвыканкама.

Зіма – складаны час для птушак і дзікіх жывёл. Асноўная частка іх рацыёну – расліны, ягады, плады, карані – хаваюцца пад снегам. Перажыць гэтыя доўгія месяцы ў дзікай прыродзе без дапамогі чалавека не проста. Ласю, казулі жыццёва неабходны саланец, яны выходзяць з лесу “на соль”, якая ўтрымліваецца ў дарожных рэагентах. Адсюль – дарожна-транспартныя здарэнні.

– Егеры і паляўнічыя павінны арганізаваць харчаванне для лясных насельнікаў. Яны ведаюць і прыблізную колькасць жывёл у нашых лясах, іх неабходнасць у аб’ёмах харчавання. Саляное галаданне жывёл ліквідуйце пастаянным напаўненнем штучных саланцоў. Гэта адыграе ролю і ў дарожнай бяспецы, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.

У новым фармаце

У 2023 годзе выпускнікі сярэдніх школ упершыню будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен. Усё новае і незразумелае спачатку ўспрымаецца з асцярогай.

Для таго, каб зняць гэта напружанне, напрыканцы снежня выпускнікі дзятлаўскіх школ прымуць удзел у “рэпетыцыі” цэнтралізаванага экзамену. Як расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава вызначана базай, дзе і пройдзе гэты пробны экзамен. На ім будуць прысутнічаць 18 настаўнікаў раённых установаў адукацыі, якія прайшлі спецыяльнае навучанне і ўвайшлі ў раённую экзаменацыйную камісію, прадстаўнікі абласнога ўпраўлення і Міністэрства адукацыі. Пад правядзенне мерапрыемства зоймуць усе кабінеты другога паверха школы, паколькі дзеці плануюць здаваць розныя навучальныя прадметы.

Для агульнай даведкі: выпускнікам школ, гімназій і ліцэяў цяпер трэба будзе здаваць два экзамены – па рускай або беларускай мове і адзін вучэбны прадмет на выбар. Для тых, хто будзе паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, таксама неабходна будзе здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па профільным прадмеце.

Цяперашнія адзінаццацікласнікі будуць першапраходцамі дадзенай сістэмы. 14 і 21 мая яны здадуць выпускныя іспыты ў форме цэнтралізаванага экзамену. 9-10 чэрвеня адбудуцца ўрачыстыя выпускныя вечары. У звыклыя тэрміны пройдзе цэнтралізаванае тэсціраванне.

Дарэчы, у 2023 годзе на Дзятлаўшчыне будзе 120 выпускнікоў сярэдніх школ і гімназіі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga