Пытанні ўсіх сфер жыццядзейнасці штотыднёва разглядаюцца на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
На чарговым пасяджэнні сярод іншых абмеркавалі бяспеку дзяцей і пажылых людзей, рамонт сельгастэхнікі, завяршэнне сезонных работ па капрамонце жылфонду, навядзенне парадку на зямлі, падрыхтоўку да навагодніх святаў.
Утрымліваць жывёлу дорага, а ўтрымліваць дрэнна – яшчэ даражэй
На парадку дня работнікаў сельскай гаспадаркі стаяць пытанні рамонту тэхнікі, павелічэння надояў і якасці малака.
Асобным пунктам – рамонт энерганасычаных трактароў. Усяго ў гаспадарках раёна (з улікам Дварэцкага льнозавода) іх 46, у належны тэхнічны стан трэба прывесці 7: у КСУПах “Войневічы” – 3, “Жукоўшчына” – 2, па адным у Хвінявічах і на льнозаводзе.
Што датычыцца жывёлагадоўлі, паказчыкі па дзятлаўскіх фермах розныя як па вагавых прыбаўках, так і па надоях.
– Кармленне жывёл адзін раз на дзень недапушчальна, а ў нас такі факт ёсць, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Корманарыхтоўкай у гэтым годзе актыўна займаліся ўсе гаспадаркі, кармоў дастаткова, чаму жывёла мучыцца? Няўжо толькі кадры ўсюды дрэнныя? Так стварыце ўмовы для работнікаў, дайце кармавую базу, тады будзе і малако, і зарплата годная ў людзей, і нікуды яны не пойдуць ад вас.
Заўвагі ад Андрэя Садоўскага на адрас кіраўнікоў гаспадарак, супрацоўнікаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама таксама прагучалі па тэме адсутнасці каардынацыі выкарыстання сельгастэхнікі.
У раёне ўзнята зябліва на ўсіх запланаваных участках, тэхніка пастаўлена на зімовае захоўванне.
Да 15 снежня насенне зерневых павінна быць падрыхтавана і здадзена на праверку. Насенне траваў – да 1 лютага.
Надзвычайнае здарэнне на святы недаравальна
Ратаўнікоў і праваахоўнікаў старшыня райвыканкама настройваў на актыўную прафілактычную дзейнасць напярэдадні навагодніх урачыстасцяў. Пастаўлена задача абследаваць на выкананне мер пажарнай бяспекі памяшканні, дзе будуць праводзіцца карпаратывы, ранішнікі, растлумачыць як дзяржаўным уласнікам, так і прыватнаму бізнесу, што адказнасць пры падрыхтоўцы бяспечных умоваў святочных мерапрыемстваў павінна быць максімальная. Участковым інспектарам – кантраляваць і наведваць катэгарыраваных жыхароў раёна.
– Надзвычайнае здарэнне ў святы будзе недаравальна нікому з арганізатараў. Захаваць жыццё і здароўе людзей – гэта самае важнае, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.
З 12 снежня стартуе традыцыйная акцыя МНС “Бяспечны Новы год”. Як паведаміў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык, лакацыяй стануць месцы масавага знаходжання людзей – гэта прадпрыемствы, школы, буйныя магазіны, рынак, дзіцячыя пляцоўкі. З насельніцтвам пагавораць у максімальна даступнай форме, павіншуюць з надыходзячымі святамі, нагадаюць правілы бяспекі, раздадуць пазнавальную наглядна-выяўленчую прадукцыю МНС, правядуць тэматычныя віктарыны, конкурсы, латарэі і многае іншае. Праверкі пройдуць у гандлёвых кропках, якія рэалізуюць піратэхніку.
А снег зноў пойдзе
Лістапад заканчваўся паніжэннем тэмпературы і снегападамі.
І калі для дзяцей і іх бацькоў снег – гэта ў першую чаргу радасць: з’явілася магчымасць наляпіць снегавікоў, пагуляць у снежкі і пакатацца з горкі, то для дарожных службаў – адказная і напружаная пара. Першы экзамен вытрымалі. Аднак расслабляцца нельга – зіма толькі пачалася, снег і галаледзіца яшчэ не раз прымусяць дарожнікаў і камунальнікаў чысціць і пасыпаць вуліцы і дарогі. Калі ў горадзе ўсім зразумела, хто ажыццяўляе гэтыя віды работ, то ў сельскай мясцовасці могуць узнікаць праблемы з “нічэйнымі” дарогамі. Андрэй Уладзіміравіч даў заданне адказным службам тэрмінова правесці аналіз балансаўтрымальнікаў вясковых дарог, якая тэхніка для чысткі яшчэ неабходна.
– Хто і калі павінен чысціць замеценыя вуліцы ў сельскай мясцовасці – не павінна быць пытаннем, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – А справа старшыні сельвыканкама своечасова праінфармаваць адпаведныя службы, што дапамога ў барацьбе са снежным заносам неабходна.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga