Дзелавы панядзелак. Пра галоўнае на апошняй сустрэчы адыходзячага года

Важнае Улада

Як звычайна, у панядзелак прайшла штотыднёвая нарада старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі службаў і падраздзяленняў раёна, на якой у рабочым парадку абмяркоўваліся розныя актуальныя пытанні.

Апошняя сустрэча ў адыходзячым 2022 годзе стала свайго роду падвядзеннем вынікаў працы. Кіраўніком раёна ўзнімаліся пытанні выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і выплаты заработнай платы, нарыхтоўкі насення і падрыхтоўкі тэхнікі да пасяўной кампаніі, арганізаванасці зацікаўленых службаў да правядзення навагодніх культурна-масавых мерапрыемстваў.

Колькі карова дае малака?

Цяпер у зімовы перыяд сельская гаспадарка ў асноўным працуе на жывёлагадоўлю, таксама стаяць задачы аператыўнага і своечасовага рамонту тэхнікі, дэталёвага аналізу выканання плана і дынамікі будучых пасяўных плошчаў, падрыхтоўкі пасяўнога матэрыялу. Старшыня райвыканкама адзначыў, што ў дзятлаўскіх гаспадарках павялічыліся надоі малака, пахваліў КСУП “Жукоўшчына”, дзе сёння ў сярэднім дояць 19,9 кг малака ў дзень на карову, ААТ “Граніт-Агра” – 19,5 кг, ТАА “РоданАграПол” – 18,4 кг, КСУП “Хвінявічы” – 18,0 кг.

Андрэй Уладзіміравіч станоўча ацаніў работу аграрыяў з насеннем. Раскрытыкаваў дзейнасць ветэрынарных службаў, узняў пытанні кантролю ўзнаўлення статка.

Кадры вырашаюць усё

Пастаўленую на мінулай нарадзе старшынёй райвыканкама задачу ратацыі ўчастковых інспектараў аддзел унутраных спраў выканаў. Як далажыў намеснік начальніка аддзела Ігар Хітро, дзве трэці ўчастковых інспектараў будуць пераведзены на іншыя ўчасткі абслугоўвання, таксама ў студзені прыйдзе на службу і новы ўчастковы, служба стане поўнасцю ўкамплектаванай.

– Плюсы ратацыі ў тым, што новыя міліцыянеры на месцы змогуць паглядзець на сітуацыю, якая склалася, свежым поглядам, убачыць праблемы і намеціць шляхі вырашэння, выпрацаваць новыя падыходы да выканання аператыўна-службовых задач, забяспечыць правапарадак, спакой і бяспеку грамадзян, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Не трэба вогненнага шоу

Феерверкі і петарды – цудоўны дадатак да яскравага і шумнага святкавання Новага года. Толькі не лепшая задума карыстацца імі не па правілах.

На нарадзе абмеркавалі, як ратаўнікі кантралююць кропкі продажу піратэхнікі і сертыфікаты на яе, а таксама ўзгадалі непрыемныя гісторыі з бязладнымі адносінамі грамадзян да правілаў выкарыстання феерверкаў і петардаў. Запальваць дома бенгальскія агні, на ёлках – свечкі, упрыгожваць іх цацкамі з лёгкаўзгаральных матэрыялаў – гэта ўсё прыгожа, але небяспечна.

– Спаліць такім чынам успаміны аб усіх непрыемнасцях мінулага года і сустрэць новы на папялішчы – не самы лепшы спосаб адзначыць свята. Напомніце дзятлаўчанам аб магчымых непапраўных наступствах невыканання правілаў пажарнай бяспекі, – звярнуўся Андрэй Уладзіміравіч да начальніка РАНС і галоўнага рэдактара раённай газеты.

У навагоднюю ноч, як і заўсёды, праваахоўнікі, ратаўнікі, медыкі і іншыя службы ва ўзмоцненым рэжыме будуць берагчы наш спакой, добры настрой і бяспеку.

Эмоцыі свята і падарункі

Ужо стала добрай традыцыяй арганізоўваць навагоднія святы для дзяцей у Мінску, Гродне і на месцы. На ёлку старшыні райвыканкама ў гэтым годзе запрашэнні атрымалі 250 дзяцей: дзеці-сіроты і тыя, што засталіся без апекі бацькоў, дзеці з малазабяспечаных, шматдзетных і няпоўных сем’яў, пераможцы розных алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, а таксама моладзевыя лідары. На губернатарскую ёлку ў Гродна паедуць 27 нашых школьнікаў. Пабываць у Мінску на прэзідэнцкай ёлцы пашчасціць двум юным дзятлаўчанам: Аляксею Умоўскаму (Новаяльнянская сярэдняя школа) і Станіславу Альшэўскаму (Казлоўшчынская сярэдняя школа). Зразумела, што дзеці вернуцца з падарункамі і добрымі ўражаннямі, якія застануцца з імі на цэлы год.

Акцыя “Нашы дзеці” ў раёне набірае тэмпы. Усё больш спонсараў падключаюцца да яе.

– У навагоднюю ноч дзеці будуць чакаць цудаў. Спадзяюся, дзіцячыя мары спраўдзяцца і яны атрымаюць жаданыя падарункі, якія ім падораць бацькі, блізкія людзі, – падрахункаваў размову Андрэй Садоўскі, павіншаваў прысутных з надыходзячым Новым годам і пажадаў усім здароўя і дабрабыту.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga