Прафесія юрыста заўсёды была і застаецца адной з самых папулярных, запатрабаваных і шматгранных, бо з’яўляецца ўніверсальнай.
Юрыдычныя паслугі неабходны ў многіх сферах дзейнасці – ад судовай сістэмы да вытворчасці.
Ёсць свае маладыя, абаяльныя, але ўжо вопытныя і кампетэнтныя юрысты і ў райвыканкаме. Напярэдадні прафесійнага свята галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў Вераніка Чэпукойць расказала аб выбары прафесіі, жыццёвым прызванні і нюансах работы ў дзяржаўнай структуры.
– Чаму ваш выбар выпаў на юрыспрудэнцыю?
– Калі ў выпускным класе задумалася, кім хачу стаць, шукала спецыяльнасць, якая адпавядала б майму характару. Мабыць, у выбары прафесіі я кіравалася тым, што юрыст можа дапамагчы несправядліва пакрыўджанаму чалавеку абараніць яго правы, аднавіць на рабоце, вырашыць спрэчныя пытанні. На практыцы гэта прафесія аказалася складанай, але цікавай: яна патрабуе пунктуальнасці, уважлівасці, лагічнага мыслення і вялікай самааддачы. Каб дабіцца поспехаў у маёй справе, трэба мець не толькі вялікае жаданне і талент, але і любіць яе. Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “правазнаўства” вярнулася на радзіму, а з сакавіка 2018 года працую тут, у райвыканкаме. Спачатку было няпроста, але настойлівая работа, цікаўнасць і самадысцыпліна дапамаглі.
– У чым заключаецца работа ў аддзеле?
– Мае штодзённыя абавязкі даволі разнастайныя: трэба займацца не канкрэтнай галіной права, а аднолькава разбірацца ў зямельным, жыллёвым, грамадзянскім, працоўным заканадаўстве. Наш аддзел займаецца абаронай правоў спажыўцоў на стадыі падачы іскавых заяваў, мне самой не раз даводзілася прадстаўляць інтарэсы грамадзян у судзе. Нават сёлета былі такія выпадкі, яны вырашыліся станоўча для заяўнікаў. Таксама з калегамі кансультуем супрацоўнікаў райвыканкама пры распрацоўцы дакументаў, адміністрацыйных працэдурах, правяраем праекты рашэнняў на адпаведнасць заканадаўству і завяраем іх, праводзім працэдуру дзяржаўных закупак, удзельнічаем у рабоце адміністрацыйных і наглядавых камісій.
– Ці адчуваеце важнасць сваёй работы?
– Адназначна, так. За час, пакуль працую, толькі яшчэ больш палюбіла тое, чым займаюся. Па спецыфіцы дзейнасці неабходна пастаянна развівацца, удасканальвацца, даведвацца новыя нюансы ў прававой сферы. Кожны новы зварот, новая справа як выклік уласным разумовым і прафесійным здольнасцям. Цікава яе вырашаць і атрымліваць асаблівае задавальненне, калі ўсё ўдаецца.
– Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць юрыст?
– Ён найперш павінен быць чалавекам сумлення і справядлівасці. Сапраўдны прафесіянал мусіць быць высакакласным спецыялістам і рэгулярна павышаць сваю кваліфікацыю, адрознівацца ўважлівасцю, мэтанакіраванасцю, працалюбствам, скрупулёзнасцю. Акрамя таго, юрысты, якія працуюць з людзьмі, павінны ўмець суперажываць і быць спагадлівымі.
– Як адпачываеце ад работы?
– Люблю спакойны хатні адпачынак, гэта чытанне кніг або рукадзелле – вышываю бісерам. Таксама з задавальненнем гуляю па нашым прыгожым горадзе.
– Што пажадаеце калегам з нагоды свята?
– Хачу пажадаць прафесійных поспехаў і здароўя: у наш час гэта вельмі актуальна. Галоўнае – верыць у свае сілы і веды, і тады ўсё атрымаецца ў нашай нялёгкай прафесіі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga