Аб прафесіі ваеннага – з першых вуснаў

Важнае Грамадства

У навучальных установах раёна праходзяць класныя гадзіны, прысвечаныя прафарыентацыйнай падрыхтоўцы старшакласнікаў.

Казлоўшчынскую сярэднюю школу наведаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, які расказаў вучням аб прафесіі ваеннага.

Генадзь Тадэвушавіч пачаў размову з асабістага вопыту, прызнаўшыся аўдыторыі, што за 35 гадоў службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь ні на хвіліну не пашкадаваў аб тым, што носіць пагоны. Ён і цяпер ганарыцца сваёй прафесіяй.

– Беларусь – мірная краіна, наша армія не ўмешваецца ў міжнародныя канфлікты, але цвёрда абараняе свае межы, захоўваючы мір і спакой на роднай зямлі, – прадоўжыў размову ён. – Краіна ганарыцца сваімі абаронцамі і падтрымлівае іх на этапе навучання, працаўладкавання, наладжвання бытавых умоваў.

Генадзь Суравец расказаў, што, акрамя Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, сёння ваенную спецыяльнасць можна атрымаць у Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, а таксама на ваенных факультэтах васьмі “грамадзянскіх” ВНУ. Акрамя таго, спецыялістаў для Узброеных Сілаў Беларусі рыхтуюць Акадэмія МУС і Універсітэт грамадзянскай абароны МНС. Пры жаданні выпускнікі беларускіх школ могуць набыць ваенную спецыяльнасць нават у Расійскай Федэрацыі, але служыць абавязкова вернуцца ў Беларусь.

– Навучанне па ваеннай спецыяльнасці ва ўсіх ВНУ нашай краіны бясплатнае, – адзначыў Генадзь Суравец. – Акрамя таго, курсантам прадастаўляецца абмундзіраванне, харчаванне, жыллё, абавязковая стыпендыя.

Ён пазнаёміў прысутных з патрабаваннямі, працэдурай паступлення ў профільныя ВНУ, з сацыяльным забеспячэннем, якое прадастаўляецца курсантам, пачынаючы з навучання на першым курсе.

– Для тых, хто збіраецца звязаць сваё жыццё з ваеннай справай, надзвычай важна мець мэту, настройвацца на паступленне і берагчы сваё здароўе, – заўважыў ваенны камісар. – Звяртайцеся ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна, мы абавязкова дапаможам.

Размова атрымалася цікавай, у час яе школьнікі задавалі пытанні аб перспектывах кар’ернага росту для выпускнікоў ваенных ВНУ і выплатах афіцэрам, якія прадаўжаюць службу пасля заканчэння кантракта.

Намеснік дырэктара па ваенна-патрыятычным выхаванні Станіслаў Буяк заўважыў, што сярод выпускнікоў школы кожны год ёсць тыя, хто выбірае прафесію ваеннага.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga