Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец расказаў, як праходзіць зверка даных воінскага ўліку ваеннаабавязаных.
– У Рэспубліцы Беларусь створана і дзейнічае дзяржаўная сістэма ўліку ваеннаабавязаных грамадзян, якія стаяць на воінскім уліку. Ён вядзецца ў мясцовых органах улады, на прадпрыемствах, у ваенных камісарыятах. Падтрыманне інфармацыі аб ваеннаабавязаным у актуальным стане (сямейнае становішча, дамашні адрас, стан здароўя і іншыя даныя) вядзецца праз вывучэнне дакументаў або выклік у аддзел кадраў па месцы работы, у мясцовы выканаўчы орган улады, ваенны камісарыят па месцы жыхарства. Спосабы выкліку розныя: па тэлефоне, павесткай, праз кадравы орган прадпрыемства. Дадзеная работа вядзецца планава, пастаянна на працягу каляндарнага года.
У цяперашні час у мэтах выканання даручэння Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі РБ мерапрыемствы па ўдакладненні ўліковых даных ваеннаабавязаных праводзяцца пераважна праз выклік яго для асабістых стасункаў, калі і ўдакладняюцца яго даныя. Такая работа па ўдакладненні даных будзе праводзіцца да канца года.
Адметная рыса мерапрыемстваў гэтага года – адначасовы выклік большай, чым звычайна, колькасці ваеннаабавязаных.
Фэйкавая інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэт-рэсурсах аб мабілізацыі ў рэспубліцы, не мае падстаў. Ваеннаабавязаныя пасля ўдакладнення ўліковых даных вяртаюцца да месцаў пражывання (работы). Мерапрыемствы мабілізацыі ў рэспубліцы не праводзяцца.
Падрыхтавала Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga