Службу ўчастковых інспектараў міліцыі па праву можна назваць “пярвічным звяном прафілактыкі”, а супрацоўнікаў – “універсальнымі байцамі”, паколькі іх будні цесна звязаны з вырашэннем самых розных людскіх праблем.
Прапаў веласіпед, не вярнуўся з лесу грыбнік, раз’юшыўся хатні тыран, на дачы “пагаспадарыў” злодзей – і ўчастковаму інспектару міліцыі паступае тэлефонны званок. Колькі іх за 11 гадоў работы прыняў адзін з найбольш вопытных участковых аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Сяргей Ігнацік, складана падлічыць, а калі дадаць яшчэ пісьмовыя заявы і выяўленыя ў час рэйдаў і прафілактычных праверак парушэнні, то лічба перасягне за тысячы.
На адміністрацыйным участку Дварэцкага сельскага савета Сяргей Віктаравіч – свой чалавек, бо тут нарадзіўся і вырас, яго дапамогі штодзень чакаюць землякі.
– Тэрыторыя ўчастка даволі вялікая, – расказвае Сяргей Ігнацік. – На ім размяшчаюцца 43 населеныя пункты з агульнай колькасцю амаль у дзве тысячы жыхароў, адлегласць з аднаго ў другі канец – да 30 кіламетраў, яшчэ дадаюць клопатаў чыгуначная станцыя “Выгада” і 20 кіламетраў чыгункі з размешчанымі на ёй аб’ектамі і складамі, матэрыяльную захаванасць якіх трэба кантраляваць.
Тым не менш, са службовымі задачамі Сяргей Віктаравіч спраўляецца паспяхова, пацвярджэннем з’яўляецца не толькі станоўчая характарыстыка ад кіраўніцтва раённага аддзела міліцыі, але і словы старшыні Дварэцкага сельскага выканаўчага камітэта Канстанціна Вінцукевіча:
– Радуе, што з участковым інспектарам міліцыі ў нас склаўся зладжаны тандэм. На ўсе просьбы і праблемныя пытанні Сяргей Віктаравіч адгукваецца па першым закліку. Ёсць свае плюсы і ў тым, што мы землякі, даўно знаёмы, добра ведаем мясцовасць і людзей. Калі ж да ўсяго дадаць “важкі” міліцэйскі вопыт Сяргея Віктаравіча, які прадаўжае працаваць і на заслужаным адпачынку, то самі зразумееце, чаму ў яго атрымліваецца не толькі знайсці свой падыход да кожнага жыхара, але і паспяхова папярэджваць многія непажаданыя выпадкі.
Сяргей Ігнацік таксама зазначае, што работу на ўчастку спрашчае зацікаўленасць старшыні сельвыканкама і тое, што ў мясцовым КСУП “Дварэц-Агра” спецыялістам па ідэалагічнай рабоце працуе былы міліцэйскі калега Аляксандр Сачык, таму ў галоўных суб’ектаў прафілактыкі сельсавета па ўсіх кірунках ёсць плённае выніковае супрацоўніцтва.
Тым не менш, Сяргей Віктаравіч упэўнены, што ў злачыннасці няма межаў, таму, акрамя свайго адміністрацыйнага ўчастка, праваахоўнік някепска ведае і Маўчадскі сельсавет суседняга раёна, знаёмы з яго старшынёй. У свой час гэта дапамагло раскрыць серыю крадзяжоў, якія адбыліся ў вёсцы Цецеравец. Бывае і такое, што, каб затрымаць заезджых злачынцаў, на выручку даводзіцца паклікаць калегаў, арганізаваць пасты, патраціць час, асабліва прыемна, калі інтуіцыя не падводзіць і “аперацыя” заканчваецца паспяхова. Аднак здараліся ў службовай практыцы Сяргея Ігнаціка выпадкі, калі ён знаходзіў вінаватых, нават не выходзячы з кабінета: здагадваўся па словах пацярпелых і па “почырку” ўчынку, нездарма пастаянна працуе з такімі катэгорыямі жыхароў сельсавета, як п’яніцы, скандалісты, падуліковыя і абавязаныя асобы, добра вывучыў паводзіны кожнага з іх.
І ўсё ж участковага інспектара міліцыі не так радуе раскрыццё чарговага правапарушэння, як выпадкі, калі “горкія п’яніцы”, дзякуючы настойлівай прафілактычнай рабоце, становяцца на шлях выпраўлення. Адзін са станоўчых прыкладаў – мясцовая жанчына, якая тройчы пабывала ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, а цяпер не ўжывае алкаголь, гадуе дзіця.
Увогуле, Сяргей Віктаравіч упэўнены:
– Чым больш часу праводзіш на ўчастку, тым лепшыя будуць вынікі работы, тым большай колькасці людзей зможаш дапамагчы, выслухаць, падтрымаць, пачуць на свой адрас шчырае “дзякуй”.
На пытанне, чаму ў якасці прафесіі выбраў службу ў міліцыі, наш зямляк, не задумваючыся, адказвае:
– Заўсёды марыў насіць форму і пагоны, служыць людзям, бо перад вачамі былі станоўчыя прыклады ваенных афіцэраў – дзядзькі і брата. Праўда, паступіць на вайсковую прафесію не атрымалася: пасля службы ў арміі скончыў ВНУ па спецыяльнасці “інжынер-механік” і пайшоў працаваць у міліцыю: спачатку ў дзяржаўтаінспекцыю, затым у службу ўчастковых інспектараў.
Вольны ад работы час, якога ў праваахоўніка не так і шмат, Сяргей Віктаравіч стараецца прысвячаць сям’і, сустрэчам з сябрамі, любіць актыўныя віды адпачынку, напрыклад, сплаў на байдарках, з задавальненнем наведвае лазню, чытае мастацкую літаратуру, аднак цяпер для гэтага не заўсёды знаходзіцца хвілінка.
Сваім калегам, участковым інспектарам міліцыі, Сяргей Ігнацік жадае поспехаў, спакою на ўчастках і ў душы, каб часцей усміхалася фартуна, не падводзілі здароўе і службовая інтуіцыя, а дома чакаў надзейны тыл.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga