Што адзін не заўважыць – другі востра адчуе

Важнае Улада

Пасяджэнне Дзятлаўскага раённага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў прайшло на Дзятлаўшчыне пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча з удзелам намесніка начальніка ўпраўлення – начальніка аддзела сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вікторыі Карацельшчыкавай.

На гэты раз спецыялісты абласнога камітэта наведвалі раёны Прынёмання, каб праверыць, як праходяць планавыя мерапрыемствы, пазнаёміцца са станам спраў па працаўладкаванні і аказанні дапамогі інвалідам у прафесійнай падрыхтоўцы, а практычная частка такіх сустрэч уключала ў сябе маніторынгі тых аб’ектаў, на якіх у апошнія гады арганізоўвалася безбар’ернае асяроддзе, згодна з падпраграмай 2 “Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асобаў” Дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона” на 2021-2025 гады.

Аб выкананні ў нашым раёне мерапрыемстваў гэтай падпраграмы за 9 месяцаў 2022 года расказаў Ігар Кухарэвіч.

Як на Дзятлаўшчыне наладжана работа па працаўладкаванні і прафесійным навучанні інвалідаў, патлумачыла намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік. Гаварылі таксама пра інклюзіўны турызм, магчымасці прыцягнення інвалідаў да мерапрыемстваў фізкультурна-аздараўленчай скіраванасці і здаровага ладу жыцця.

З вынікамі маніторынгаў аб’ектаў раёна за студзень-верасень гэтага года і прыняццем у поўным аб’ёме мер па выкананні запланаваных на іх работ з улікам комплекснага падыходу да арганізацыі безбар’ернага асяроддзя ўдзельнікаў пасяджэння з выездам на месца азнаёміла дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.

Было адзначана, што даступнае асяроддзе – справа не аднаго года, бо патрабуе як фінансавых, так і часовых затрат. Многія будынкі ўзводзіліся некалькі дзесяцігоддзяў таму, ёсць капітальныя сцены, дзе нельга пашыраць уваходы. Разам з тым безбар’ернае асяроддзе для адных інвалідаў неабавязкова будзе зручным для іншых. Напрыклад, адкідны пандус, які спрашчае доступ для інвалідаў-калясачнікаў, можа стаць пэўнай перашкодай для інвалідаў па зроку.

Тым не менш аб пандусах, устаноўленых на ФАПах раёна, вяскоўцы ўжо адгукваюцца станоўча. Фізічна аслабленыя асобы без інваліднасці і пенсіянеры паспелі ацаніць іх зручнасць, наяўнасць парэнчаў, на якія можна абапірацца, наведваючы медустановы. Што тычыцца непасрэдна інвалідаў з сельскай мясцовасці, то, па словах работнікаў ФАПаў, іх абслугоўваюць пераважна па месцы жыхарства планава ці па заяўным прынцыпе: прывозяць лекі, аказваюць медыцынскую дапамогу, пры неабходнасці накіроўваюць на планавую шпіталізацыю.

Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух расказаў, што некаторыя ФАПы раёна ў перспектыве плануецца закрываць, бо з-за змяншэння колькасці жыхароў больш мэтазгодна перанакіроўваць вызваленыя грашовыя сродкі на аб’екты, якія абсталёўваюцца з комплексным падыходам і забяспечваюць якаснае абслугоўванне насельніцтва. Прапанова спецыяліста ўлічана і будзе ўнесена ў абласны план работы.

Разам з тым многія кіраўнікі арганізацый нашага раёна ды і звычайныя дзятлаўчане не заўсёды разумеюць актуальнасць праблемы безбар’ернага асяроддзя, маўляў, інвалідаў побач з намі не так і шмат, аднак у раёне нямала састарэлых, фізічна аслабленых людзей, матуляў з каляскамі, нават тых, хто атрымаў часовую траўму. Усе мы можам захварэць ці будзем пажылымі, таму ўжо сёння варта ўсведамляць, што праблема даступнага асяроддзя можа закрануць любога з нас.

Ад кіраўнікоў аб’ектаў хочацца больш адказнага падыходу, каб яны рабілі элементы безбар’ернага асяроддзя не дзеля галачкі і на вока, а выконвалі ўсе неабходныя нормы і патрабаванні. Тады доступ будзе сапраўды зручным, а інваліды скажуць “дзякуй”.

Як адзначыла ў час візіту Вікторыя Карацельшчыкава, падобныя сустрэчы ў раёнах у першую чаргу трэба праводзіць з работнікамі сферы архітэктуры і будаўніцтва, камунальнікамі.

Спецыялісты ж адказных службаў усё часцей выказваюць пажаданні, каб падпраграму па арганізацыі даступнага асяроддзя курыравала больш шырокае кола спецыялістаў, каб пры здачы аб’ектаў у эксплуатацыю камісіі абавязкова ацэньвалі, наколькі якасна арганізавана на іх безбар’ернае асяроддзе.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і арганізатараў сустрэчы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: