Школьны мерыдыян

Важнае Грамадства

Маральныя асновы і праваслаўныя традыцыі

У Хвінявіцкай сярэдняй школе ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта была арганізавана сустрэча навучэнцаў 8-11 класаў з настаяцелем Барыса-Глебскай царквы вёскі Накрышкі протаіерэем Мікалаем Пінчуком. Тэмай яе сталі пытанні маральнага стану падрастаючага пакалення: празмернае захапленне камп’ютарнымі гульнямі і інтэрнэтам, непаслушэнства бацькам.

Айцец Мікалай патлумачыў дзецям праваслаўнае разуменне адвечных пытанняў чалавечага быцця, расказаў, што такое сумленне, якую ролю яно іграе ў жыцці кожнага чалавека, што памылку здзейсніць лёгка, а вось выправіць яе цяжка ці нават немагчыма. Акрамя гэтага,  навучэнцы паглядзелі відэаролік пра “пранкі” – дурныя свавольствы, жарты, ад якіх пакутуюць людзі.

Незабыўная экскурсія

Навучэнцы Круцілавіцкай сярэдняй школы пабывалі на экскурсіі ў горадзе Брэсце. Мэта яе – захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, а таксама выхоўваць у дзяцей грамадзянска-патрыятычныя пачуцці.

У першую чаргу наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, галоўны манумент – сімвал мужнасці савецкіх салдат, скульптурную кампазіцыю “Смага”, музей абароны Брэсцкай крэпасці і музей Бярэсця, убачылі, як адбываецца змена ганаровай варты. Музей чыгуначнай тэхнікі быў другім аб’ектам запланаванай экскурсіі, дзе школьнікі змаглі дакрануцца да мінулага: убачыць паравозы, прыпыначныя пункты, цеплавозы, дрызіны, а таксама пабыць у ролі машыністаў.

Акрамя гэтага, наведалі музей палаца Сапегаў у Ружанах. Дзеці пачулі кароткую гісторыю Ружанскага замка, паглядзелі выставачныя залы, якія пакінулі незабыўныя ўражанні.

Школьнікам для азнаямлення

У Новаяльнянскай сярэдняй школе адбылася сустрэча навучэнцаў 8-11 класаў з прадстаўнікамі кампаніі ТАА “МэпДэйта”, якая з’яўляецца рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій. Кампанія распрацоўвае модулі SDK па распазнаванні дарожных аб’ектаў, вызначэнні месца знаходжання, навігацыі і пошуку, якія выкарыстоўваюцца больш за 175 000 распрацоўшчыкамі ва ўсім свеце. Маладыя і актыўныя супрацоўнікі кампаніі прадставілі сацыяльны валанцёрскі праект  “Outoftheboxday 4.0”, у рамках якога яны дзеляцца вопытам у сферы IT, дапамагаюць выбраць будучую прафесію, матывуюць на добрую вучобу, чытанне кніг. Яны правялі інтэрактыўныя лекцыі з прэзентацыямі па інфарматыцы, матэматыцы, дызайне, юрыспрудэнцыі, пастаноўцы мэтаў да любой работы і іншыя. Пасля лекцый самым актыўным удзельнікам былі ўручаны падарункі, кнігі.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: