Чарговае, на гэты раз выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэта адбылося на базе Парэцкага сельвыканкама.
Як адзначыў старшыня камісіі Ігар Кухарэвіч, такі фармат дазваляе глыбей прааналізаваць работу з ненадзейнымі сем’ямі гэтай мясцовасці і ўзаемадзейнічаць з суб’ектамі прафілактыкі. Тут назіраецца рост колькасці сем’яў, дзе дарослых пазбаўляюць бацькоўскіх правоў на дзяцей, таму да пытанняў прафілактыкі і ранняй выяўляльнасці трэба падысці больш прынцыпова.
Час ідзе – праблемы засталіся
Яшчэ ў жніўні іх сына прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, аднак да гэтага часу бацькі не ўзяліся за розум.
У верасні былі вывучаны жыллёвыя ўмовы непаўналетняга, дарослым наказалі зрабіць дома касметычны рамонт і генеральную ўборку, назапасіць дроваў. Мінула тры месяцы, а ў адказ – адны апраўданні, маўляў, паспелі адрамантаваць толькі дзіцячы пакой. Затое абодва паспелі “зарабіць” па 6 прагулаў без уважлівых прычын, а на пасяджэнне выязной камісіі матуля прыбыла з раённага аддзела міліцыі, дзе адбывала адміністратыўны арышт. Дарэчы, бытавое п’янства – біч гэтай сям’і. Дарослыя звярталіся да доктара-нарколага, аднак жадання прайсці курс лячэння ў стацыянары не выказалі. Абаім у бліжэйшы час пагражае “пуцёўка” ў лячэбна-працоўны прафілакторый. На жаль, сыну ад гэтага не лягчэй. У хлопчыка выяўлена сур’ёзнае захворванне, пасля адабрання яму ўжо зрабілі аперацыю, цяпер неабходна працяглая рэабілітацыя са спрыяльнымі ўмовамі. Хто іх забяспечыць? Наўрад ці гэта змогуць зрабіць бацькі, якія са жніўня яшчэ і не думалі брацца за розум. Калі сітуацыя ў бліжэйшы час не выправіцца, дакументы будуць накіраваны ў суд на пазбаўленне іх правоў на сына.
Выбар бывае і такі
У жніўні маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызналі сына яшчэ адной жыхаркі сельсавета, якая таксама злоўжывала алкаголем. Жанчына з бацькам дзіцяці не жыла, гадавала хлопчыка адна. Адразу ж пасля адабрання вырашыла кардынальна памяняць лад жыцця, прайшла лячэнне ў абласным стацыянары, дзе з ёю папрацавалі не толькі дактары, але і псіхолагі. Алкаголю не ўжывае, сцвярджае, што з’явіліся сілы для далейшага жыцця і жаданне мяняць яго да лепшага. Гэта канстатуюць і суб’екты прафілактыкі: нараканняў на маці няма ні ў наймальніка, ні ў педагогаў, ні ў медыкаў. Прынята рашэнне хадайнічаць аб датэрміновым вяртанні ёй дзіцяці.
Павучыцца быць бацькамі
Як ні дзіўна, але быць добрымі бацькамі сваім дзецям умеюць не ўсе. У гэтых маладых бацькоў дзве дачкі былі адабраны ў верасні з-за бытавога п’янства і сацыяльных паказчыкаў сямейнага недабрабыту. Дарослыя дапусцілі вялікую запазычанасць за камунальныя паслугі ў кватэры, выдзеленай гаспадаркай, пазней бацька наогул быў звольнены з работы за парушэнне працоўнай дысцыпліны. У выніку – бацькі засталіся без жылля і дзяцей. Цяпер бацька зноў робіць у гаспадарцы, маці пакуль не працуе. Часова сямейную пару прытулілі сваякі, аднак, каб вярнуць дачок, ім неабходна ўласная жылплошча. Рэпутацыя злосных неплацельшчыкаў, нядбайных гаспадароў і несумленных работнікаў пакуль спыняе наймальніка ад рашэння выдзеліць кватэру. Аднак гэта і лячэнне ад алкагалізму – галоўныя ўмовы вяртання дзяўчынак у біялагічную сям’ю. Праўда, суб’екты прафілактыкі сцвярджаюць, што маладой сямейнай пары някепска было б павучыцца і іншым прынцыпам адказнага бацькоўства.
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga