Праверце, хто ў вас на парозе

Важнае Здарэнні і бяспека

З 28 лістапада па 1 снежня на Дзятлаўшчыне пройдзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – узрост!”, скіраванае на ўзмацненне абароны састарэлых грамадзян ад супрацьпраўных пасягальніцтваў.

Нягледзячы на пастаянную прафілактычную работу міліцыі па папярэджанні махлярстваў, жыхары нашага раёна не перастаюць трапляцца на падман зламыснікаў. Пад выглядам спецыялістаў сацыяльных, медыцынскіх і іншых дзяржаўных службаў зламыснікі пранікаюць у дамы і кватэры, крадуць грошы, прадукты, матэрыяльныя каштоўнасці.

 

Калі да вас у дзверы пастукалі незнаёмыя людзі, якія прапануюць набыць тавары, цудадзейныя лекі, аказаць паслугу, зняць сурокі або аб’яўляюць, што ў краіне ажыццяўляецца рэформа грошай і яны могуць іх памяняць, памятайце:

– не пускайце іх у кватэру ці домаўладанне;

– калі яны ўжо ўвайшлі, патэлефануйце сваякам ці суседзям, каб таксама прысутнічалі;

– звяжыцеся з арганізацыяй, спецыялістамі якой прадставіліся візіцёры;

– не пакідайце іх адных і не саромейцеся праверыць дакументы і запісаць даныя пашпарта.

Раскажыце гэтыя правілы сваім дзецям і пажылым бацькам, патлумачце ім, што нельга давяраць кожнаму, хто прыходзіць на парог.

Найчасцей махляры чыста і акуратна апрануты, ветліва размаўляюць. Гэта могуць быць прыемныя маладыя жанчыны. Аднак не ўсе, хто з вамі спагадліва размаўляе, на самой справе жадаюць вам дабра. Аб усіх падазроных асобах трэба паведамляць на нумар 102 (мабільныя званкі бясплатныя).

Дзяніс АЎРАМЕНКАЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga