“Крыштальная Альфа” – упэўненыя крокі ў навуку

Важнае Грамадства

Падведзены вынікі абласнога конкурсу даследчых работ навучэнцаў Прынёманскага краю “Крыштальная Альфа-2022”. Школьнікі нашага раёна сёлета заваявалі 5 дыпломаў, сярод якіх і дыплом за І месца.

Больш падрабязна аб упэўненых кроках у навуку нашых юных землякоў і іх педагогаў расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Штогадовы традыцыйны конкурс даследчых работ навучэнцаў “Крыштальная Альфа” праходзіць у кастрычніку. На Дзятлаўшчыне мы праводзім свой раённы этап, які дапамагае вылучыць лепшыя работы для абласных іспытаў. Установы адукацыі сёлета актыўна ў ім паўдзельнічалі. Было падрыхтавана 20 даследчых работ: 4 – з сярэдняй школы № 3, 8 – з гімназіі № 1 горада Дзятлава, 5 – з Новаяльнянскай і па адной з Казлоўшчынскай, Дварэцкай і Вензавецкай сярэдніх школ. Сярод іх 13 прайшлі абарону і былі прадастаўлены для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.

Канферэнцыя праходзіла ў анлайн-фармаце. Работы ацэньвала кампетэнтнае журы, у састаў якога ўваходзілі вучоныя, выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, метадысты абласнога інстытута развіцця адукацыі. Даказаць свой пункт погляду, прадстаўлены ў праекце, удзельнікі маглі ў ходзе дыскусіі, адказваючы на пытанні членаў журы. З 1 па 4 лістапада былі падведзены вынікі, якія нас парадавалі: другі год запар Дзятлаўшчына ўтрымлівае свае пазіцыі і мае 5 прызавых дыпломаў.

– Хто з нашых маладых землякоў і іх педагогаў на гэты раз трапіў у пяцёрку абласных прызёраў? 

– Дыпломам першай ступені ў секцыі “Дадатковая адукацыя” адзначаны адзінаццацікласнік Аляксандр Баковіч з Новаяльнянскай сярэдняй школы за даследаванне на тэму “Інтэнсіўнае падрошчванне моладзі карпа і раслінаедных рыбаў пры выкарыстанні розных тэхнічных канструкцый у кірунку “Інжынерная эакалогія” (кіраўнікі – Сяргей Сокал і Алена Баковіч).

Два дыпломы за ІІ месца ў скарбонку раёна прынеслі адзінаццацікласніца Анастасія Патапчык з Казлоўшчынскай сярэдняй школы, якая ў секцыі “Хімія” прадставіла работу па тэме “Даследаванне ўплыву іонаў цяжкіх металаў на біялагічныя працэсы” (кіраўнік – Таццяна Рак), а таксама дзевяцікласнік Яраслаў Урбан з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, які ў секцыі “Руская мова” абараняў работу “Функцыянаванне этыкетных выклічнікаў у творах рускай і беларускай класічнай літаратуры і ў сучаснай мове” (кіраўнік Святлана Урбан).

Дыплом за ІІІ месца атрымалі дзевяцікласнікі Вензавецкай сярэдняй школы Арцём Глушкевіч і Паліна Хілімончык (кіраўнік Аксана Роўба) за работу “Тэрытарыяльныя асаблівасці развіцця суб’ектаў аграэкатурызму (аграсядзібаў) Дзятлаўскага раёна” ў секцыі “Геаграфія”, а ў секцыі “Інфарматыка” такім жа дыпломам узнагароджаны адзінаццацікласнік Данііл Івашэвіч і дзесяцікласніца Ксенія Калодзіч з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава (кіраўнік Алена Латушка) за работу “Стварэнне 3D-рэканструкцыі партызанскага шпіталя, які дзейнічаў на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы са снежня 1942 па ліпень 1944 гадоў”.

– Марына Яўгенаўна, чым быў адметны сёлетні год для канкурсантаў “Крыштальнай Альфы”?

– Па-першае, пашырылася геаграфія раённых установаў-удзельніц конкурсу. Па-другое, даследчыя работы навучэнцаў сталі больш практыкаарыентаванымі. Напрыклад, усе мы ведаем пра партызанскі шпіталь у Ліпічанскай пушчы, а цяпер яго можна ўбачыць яшчэ і ў 3D-фармаце. Сёння актуальнасць для Дзятлаўшчыны набывае тэма аграэкатурызму – і да яе распрацоўкі падключыліся нашы дзеці з педагогамі. Парадаваў дыплом пераможцы, навучэнца Новаяльнянскай сярэдняй школы Аляксандра Баковіча, кіраўнік якога Сяргей Сокал дапамог акумуліраваць ранейшы даследчы вопыт у адну сур’ёзную работу. Мяркую, яна будзе прадастаўлена і на рэспубліканскі ўзровень. Увогуле, мы пастараемся ўсе гэтыя даследаванні прэзентаваць далей. Ёсць нямала перспектыўных конкурсаў, такіх як “Тэхнаінтэлект”, “Патрыёт. by”, “100 ідэй для Беларусі”, а значыць, і магчымасць сябе праявіць. Шмат заявак паступіла з дзятлаўскай гімназіі, упэўнена, што ўсе гэтыя работы сур’ёзныя, маюць значны навуковы патэнцыял і знойдуць сваё выкарыстанне ў перспектыве. Мы ўлічым рэкамендацыі членаў журы, дапрацуем тэмы і будзем прадстаўляць іх далей.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: