У сельскай гаспадарцы раёна працуюць не толькі загартаваныя, моцныя духам мужчыны, але і кемлівыя, абаяльныя жанчыны.
Праўда, яны пераважна занятыя ў фінансавых і юрыдычных аддзелах сельгаспрадпрыемстваў – не менш адказных участках, чым работа ў полі. Упрыгажэннем вопытнага калектыву КСУП “Войневічы” сталі дзве маладыя спецыялісткі, якія прыехалі сюды па размеркаванні на першае працоўнае месца.
Валерыя Свішчова працуе на пасадзе юрысконсульта ўсяго некалькі месяцаў. Яна прыехала ў Войневічы з юрыдычнай спецыяльнасцю, якую атрымала ў Столінскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы.
Нарадзілася Валерыя ў суседнім горадзе Слоніме, а па размеркаванні патрапіла ў глыбінку, чаго зусім не спалохалася. Пасля прыезду на Дзятлаўшчыну дзяўчына атрымала фінансавую дапамогу і дом з усімі зручнасцямі, які дзеліць з суседкай, таксама маладым спецыялістам. На работу ідзе заўсёды з добрым настроем: яшчэ столькі ўсяго трэба даведацца і вывучыць! Па меркаванні маладой спецыялісткі, юрыспрудэнцыя ў сельскай гаспадарцы асаблівая, але не менш цікавая. Веды, атрыманыя ў час вучобы, дапамагаюць, але і шмат новага трэба засвоіць.
– Стараюся разбірацца ў рабоце самастойна, але калі ўзнікаюць пытанні, калегі рады дапамагчы, – кажа дзяўчына. Вельмі дружны калектыў і цёплая атмасфера, нас тут прынялі добра. Кіраўніцтва таксама дапамагае ў працоўных і бытавых клопатах.
Жыццё ў аграгарадку няспешнае, размеранае, але актыўная моладзь і тут знойдзе, чым заняцца. Валерыя Аляксееўна часта наведвае мясцовую бібліятэку-клуб, дзе можна знайсці цікавы спосаб бавіць вольны час.
Акрамя таго, дзяўчына атрымлівае завочна вышэйшую адукацыю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.
– На сесію адпускаюць без праблем, кіраўніцтва гаспадаркі падтрымлівае ў жаданні павышаць кваліфікацыю, так што ўсё выдатна, – кажа малады спецыяліст.
Непадалёк, у дружным калектыве бухгалтэрыі, “пад крылом” старэйшых калег працуе яшчэ адна маладая спецыялістка Ілона Татарчык. У яе багажы ўжо год каштоўнага прафесійнага вопыту. Ілона Дзмітрыеўна – мясцовая жыхарка, родам з Навасёлак. Атрымала спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік і аўдытарскі кантроль” у Ашмянскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы і вярнулася працаваць на малую радзіму.
– У цяперашні момант займаюся налічэннем заработнай платы жывёлаводам, – дзяўчына перабірае мноства папер і калькулятар на сваім стале. – Адразу пасля размеркавання вяла ўлік кармоў і налічвала зарплату паляводам, цяпер працую на іншым участку.
Ілона Дзмітрыеўна любіць сваю работу за грунтоўнасць і дакладнасць, хобі таксама мае няспешнае, але вельмі творчае. Дзяўчына займаецца выяўленчым мастацтвам: малюе карціны ў розных тэхніках, з радасцю дорыць іх калегам па працы. На яе выявах – сельскія пейзажы, знаёмыя з дзяцінства, і жывёлы. Таксама яна захапляецца арыгамі: упрыгажэннем строгай лаканічнай бухгалтэрыі сталі кветкі з паперы яе аўтарства.
Ілона Татарчык яшчэ раз пацвярджае тэорыю, што моладзь у сельскагаспадарчай галіне ініцыятыўная і перспектыўная: ужо цяпер яна прадаўжае адукацыю на вышэйшай ступені ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “фінансы і крэдыт”.
– Спачатку трэба давучыцца, а там пабачым, куды павядзе жыццёвая дарога, – разважае маладая спецыялістка.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga