“Чагосьцікі” – інтэлектуалы “сярэбранага ўзроўню”

Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў у Гродне прайшоў штогадовы абласны турнір “Інтэлектуальны рынг” грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”.

На адной пляцоўцы гульня сабрала 9 каманд, сярод якіх была і каманда Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” – “Чагосьцікі”.

Сваю кемлівасць і веды ў саставе каманды пад старшынством капітана Віталія Крэйдзіча дэманстравалі Анастасія Паўлючэнкава, Алена Жыбко, Канстанцін Дораш, Алена Калюцік (суправаджэнне і “вочы” каманды).

Турнір уключаў у сябе тры этапы: “Хуткія пытанні”, “Брэйн-лато” і “Што? Дзе? Калі?”. Гульня атрымалася напружанай і цікавай. Каманда дзятлаўчан “Чагосьцікі” заняла ганаровае ІІ месца. Па рашэнні членаў журы лепшым гульцом каманды названа Анастасія Паўлючэнкава. Па выніках турніру каманды-ўдзельніцы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.

Раённая арганізацыя ГА “БелТІЗ” у асобе прадстаўніка абласной арганізацыі таварыства па Дзятлаўскім раёне Святланы Крэйдзіч дзякуе раённаму выканаўчаму камітэту і дырэктару Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяне Нікіпорчык за прадастаўлены транспарт і дапамогу ў арганізацыі паездкі.

Алена КАЛЮЦІК,
загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga