Дзякуй вам, нашы кармільцы! (+відэа)

Галоўнае Улада

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

З надыходзячым прафесійным святам працаўнікоў аграрна-прамысловага комплексу Дзятлаўшчыны павіншаваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Гэта свята аб’ядноўвае ўсіх, хто аддана любіць родную зямлю і працуе на карысць нашай краіны. Ад вашай працы залежыць харчовая бяспека нашай дзяржавы, забеспячэнне нашых людзей якаснымі, экалагічна чыстымі і даступнымі па цане прадуктамі харчавання.

Сёлета, як і кожны год, працаўнікі вёскі зрабілі ўсё магчымае, каб дастойна вырашыць пастаўленыя перад імі задачы. Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за 10 месяцаў 2022 года склаў 118,4 %. Валавая вытворчасць збожжавых і зернебабовых культур у першапачаткова апрыходаванай вазе склала 63 тысячы тон, сёлета атрыманы рэкордны валавы збор рапсу ў 13,2 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 27,1 цэнтнера з гектара. Завершана ўборка цукровых буракоў, фактычны збор склаў 33 тысячы тон. Валавы збор бульбы – 4,7 тысячы тон. За 10 месяцаў гэтага года  атрымана больш за 49,7 тысячы тон малака, што складае 109,7% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі завяршаюць год з прыбыткам.

У адзіным комплексе з працаўнікамі вёскі — перапрацоўчая прамысловасць раёна. Тэмп росту па аб’ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах за студзень-верасень складае 112,5 % да мінулагодняга. Сёлета прадукцыя нашых прадпрыемстваў экспартавалася ў 11 краін свету, за студзень-верасень прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі экспартавалі за межы Рэспублікі прадукцыю на суму 20,8 мільёнаў долараў ЗША.

Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць нашым ветэранам, праца якіх пакладзена ў аснову галіны сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці раёна. Дзякуй вам, паважаныя калегі, за тое, што дзеліцеся сваім вопытам з моладдзю, беражліва захоўваеце і перадаяце працоўныя традыцыі. Дзякуй за адданасць і вернасць сваёй справе, клапатлівае, беражлівае і гаспадарлівае вядзенне работ на роднай зямлі, за разуменне праблем, пастаянную гатоўнасць вырашаць іх з поўнай аддачай сіл, добрасумленнасцю і стараннасцю. Жадаю вам невычэрпнай жыццёвай энергіі, моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, дабрабыту, высокага прафесійнага майстэрства і новых працоўных поспехаў на карысць роднай Беларусі.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў работнікам сельскай гаспадаркі раённыя ўзнагароды.

Словы віншавання і ўдзячнасці работнікам сельскай гаспадаркі раёна адрасаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк:

– Пачуццё гонару і павагі выклікаюць у мяне дасягненні працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Дзятлаўшчыны, якія з году ў год дасягаюць поспехаў, сваёй працавітасцю, прафесіяналізмам робяць важкі ўклад у развіццё рэгіёна. Прыміце словы ўдзячнасці за вашу плённую працу. Веру, што і надалей вы будзеце з поўнай аддачай працаваць дзеля росквіту і дабрабыту нашай краіны. Моцнага вам здароўя, міру, дабра вашым сем’ям, утульнасці дамам.

Дэпутат уручыў Падзячнае пісьмо старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь начальніку аддзела фінансавання, прагназавання і справаздачнасці ў аграпрамысловым комплексе ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марыі Ціхан.

Да словаў віншавання далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і адзначыў узнагародамі лепшых працаўнікоў АПК.

Першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка агучыў вынікі спаборніцтваў сярод сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, вытворчых участкаў, механізатараў за перыяд асенне-палявых работ і нарыхтоўкі лёну, узнагародзіў лепшых.

Пераможцам спаборніцтва стаў СГФ “АграМілк” (начальнік Аляксандр Грынкевіч, галоўны аграном Андрэй Лежань), другое месца ў ТАА “РоданАгра” (дырэктар Пётр Роўба, галоўны аграном Ігар Крывулька, галоўны інжынер Алег Станіславовіч), трэцяе – у ААТ “Граніт-Агра” (дырэктар Станіслаў Мазур, галоўны аграном Алена Майсейчык, галоўны інжынер Андрэй Падліпскі).

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі пераможцы спаборніцтваў на прасаванні саломы на трактарах з камбінаванымі прэс-падборшчыкамі, на ворыве глебы на трактарах цягавага класа, на сяўбе трактарамі, на прасаванні лёну, нарыхтоўцы травяных кармоў.

Па выніках раённых спаборніцтваў сярод жывёлаводаў лепшым у раёне прызнаны калектыў КСУП “Жукоўшчына” (старшыня Васіль Алясюк, галоўны заатэхнік Іван Пенчык, галоўны ветэрынарны доктар Пётр Калюцік), на другім месцы – КСУП “Хвінявічы” (старшыня Мікалай Бубноўскі, галоўны заатэхнік Марыя Слушко, галоўны ветэрынарны доктар Іван Апанасік). Былі адзначаны лепшыя малочнатаварныя фермы і жывёлаводы раёна, пераможцы вытворчых спаборніцтваў.

Калег па працы павіншаваў старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак і ўручыў прафсаюзныя ўзнагароды да прафесійнага свята.

Шчырыя словы віншавання і граматы работнікі сельскай гаспадаркі прымалі ад старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерыя Макарчыка.

Святочны настрой гасцям мерапрыемства дарылі артысты Дзятлаўшчыны, а таксама ансамбль музыкі, песні і танца “Белыя росы”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga