Уладзімір Сіняк: “Размова ідзе аб чалавечых лёсах”

Важнае Улада

У Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прамую тэлефонную лінію правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк.

Уладзіміру Аляксандравічу паступілі два звароты ад нашых землякоў. Пажылая жыхарка райцэнтра вырашыла прыйсці да дэпутата асабіста. Жанчыну хвалявала, што на яе ўчастку гінуць пладовыя дрэвы. Яна выказала меркаванне, што прычынай таму маглі стаць хімічныя рэчывы, але сцвярджала, што сама апрацовак не праводзіла. Уладзімір Аляксандравіч паабяцаў заяўніцы, што выедзе на яе адрас, каб асабіста паглядзець на стан дваровай тэрыторыі і насаджэнняў.

Тэлефонны зварот паступіў з гарадскога пасёлка Наваельня. Жанчына перажывала, што на вуліцы Лясной, дзе яна жыве, растуць аварыйныя дрэвы, якія ў восеньскае міжсезонне пры моцных вятрах пагражаюць падзеннем на гаспадарчыя пабудовы.

Уладзімір Сіняк звязаўся з кіраўніком спраў Новаяльнянскага сельвыканкама Ірынай Каспяровіч, каб больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі. Ірына Уладзіміраўна патлумачыла, што з праблемай заяўніцы яна знаёма і ўсе неабходныя дакументы аб спілоўванні дрэваў падрыхтаваны і накіраваны ў камунгас.

Таму наступны тэлефонны званок Уладзімір Сіняк зрабіў дырэктару Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васілю Пецюку. Васіль Васільевіч расказаў дэпутату, што цяпер вядуцца арганізацыйныя работы, запэўніў, што ў хуткім часе брыгада камунальнікаў прыступіць да выдалення аварыйных дрэваў у Наваельні.

Напрыканцы прамой тэлефоннай лініі цікава было даведацца ў дэпутата і аб тым, якія важныя законапраекты на сёння разглядаюцца ў Палаце прадстаўнікоў.

– Парадак дня сесіі вельмі насычаны, – зазначыў Уладзімір Аляксандравіч, – разглядаюцца многія важныя пытанні, у першую чаргу гэта звязана з тым, што прайшоў рэспубліканскі рэферэндум, у Канстытуцыю Беларусі былі ўнесены змяненні і дапаўненні і цяпер актыўна мяняецца заканадаўчая база. Сярод значных законапраектаў, якія абмяркоўваюцца і рыхтуюцца, – Закон аб Усебеларускім народным сходзе і выбарчым заканадаўстве. Аднак варта ўзгадаць і яшчэ адзін не менш важны нарматыўны дакумент, якога чакаюць людзі.

10 кастрычніка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь унёс у Палату прадстаўнікоў праект Закона “Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства”.

Закон сапраўды важны, бо размова ідзе аб канкрэтных чалавечых лёсах.

Лічу, што галоўная задача законапраекта – дакладна вызначыць па катэгорыях тых асуджаных, каму ў сілу аб’ектыўных прычын можна змякчыць пакаранне. Безумоўна, тыя, хто знаходзіцца сёння ў месцах заключэння, панеслі яго заслужана. Аднак не ўсе яны закаранелыя злачынцы. Хтосьці проста аступіўся, учыніў правапарушэнне па няведанні, неасцярожнасці. Многія ўсведамляюць сваю віну і становяцца на шлях выпраўлення. Нягледзячы ні на што, яны застаюцца нашымі грамадзянамі. І абавязак дзяржавы – дапамагчы ім вярнуцца да сваіх сем’яў, зноў стаць добрасумленнымі членамі грамадства.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga