Калі скласці гады службы супрацоўнікаў і работнікаў Дзятлаўскага раённага аддзела Дэпартамента аховы, атрымаецца цэлая эпоха, а разам дзень за днём яны ўносяць сваю лепту ў справу па забеспячэнні парадку, спакою, стабільнасці на дзятлаўскай зямлі.
Хто гэтыя спецыялісты? Пазнаёмімся з некаторымі з іх.
Генадзь Папроцкі, памочнік камандзіра ўзвода – камандзір аддзялення групаў затрымання ўзвода міліцыі
У органах унутраных спраў Генадзь Іосіфавіч служыць з 2008 года, у аддзеле аховы – з 2009-га. Уладкавацца сюды спрабаваў адразу пасля арміі, але не аказалася месцаў, жаданню свайму не здрадзіў, ажыццявіў яго праз год. Да нядаўняга часу паспяхова нёс службу ў саставе групы затрымання, а з сёлетняга студзеня заступіў на кіруючую пасаду. Сярод цяперашніх абавязкаў – кантроль за нясеннем службы нарадамі групаў затрымання, іх расстаноўка, своечасовае давядзенне інфармацыі, ён адказны за транспарт, работу кіналагічнай службы, вядзенне адпаведнай дакументацыі. Служба ў Дэпартаменце аховы прывабіла Генадзя Іосіфавіча стабільнасцю, магчымасцю дапамагаць людзям пры ахове іх маёмасці і спакою, спрыяльнай атмасферай у калектыве, дзе пастаянна адчуваюцца падтрымка і ўзаемадапамога, немалаважным стаў і той факт, што яго прафесійны выбар падтрымала сям’я. Да службовага свята Генадзь Папроцкі зычыць калегам здароўя, надзейнага тылу, зладжанасці ў калектыве, разумення кіраўнікоў і прафесійнага росту.
Тамара Цярэшка, бухгалтар аддзела
З дзятлаўскай службай аховы Тамару Канстанцінаўну цесна звязваюць 45 гадоў працоўнага стажу, а гэта самы важкі вынік, своеасаблівы рэкорд. Сюды яна прыйшла юнай дзяўчынай, адсюль мяркуе ў свой час выйсці на заслужаны адпачынак з адзіным запісам у працоўнай кніжцы. Прызнаецца, што ніколі не задумвалася аб іншым месцы работы, бо зжылася з калектывам, як з сям’ёй, лічыць калегаў не чужымі людзьмі. Асабліва цёпла адгукваецца аб кіраўніках, добрыя словы выказвае на адрас Дзмітрыя Харошкі, які вельмі ёй у свій час дапамог. Работа з лічбамі, па словах Тамары Канстанцінаўны, не самая цікавая, бо патрабуе пастаяннай канцэнтрацыі ўвагі і напружанасці, затое станоўчыя эмоцыі яна чэрпае ад узаемападтрымкі ў калектыве. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, ёй плённа працуецца з галоўным бухгалтарам аддзела Аксанай Мялько, больш за 20 гадоў па прафесіі пройдзена поруч з былым галоўным бухгалтарам Янінай Сцепанішчавай, каля 10 – з Нінай Аліферовец. Да прафесійнага свята Тамара Цярэшка жадае сваёй арганізацыі фінансавай забяспечанасці, калегам – поспехаў у рабоце і важкіх прэмій.
Ілья Кулікоўскі, інжынер групы сродкаў і сістэмаў аховы
Ілья Юр’евіч пакуль не можа пахваліцца важкім стажам, бо прыйшоў у аддзел у 2020 годзе, затое ён на добрым рахунку як спецыяліст, што і пераважыла пры выбары яго кандыдатуры на пасаду кіраўніка інжынернай службы. Цяпер у яго падпарадкаванні – электраманцёры ахоўнай сігналізацыі і дзяжурныя пульта кіравання аддзела. Участак адказны, бо тэхніка ёсць тэхніка, толькі калі яна працуе “без сучка і задорынкі”, забяспечваецца надзейная ахова маёмасці арганізацый і фізічных асобаў раёна. Адным словам, Ілья Кулікоўскі кіруе ўсімі тэхнічнымі працэсамі ў раённым аддзеле аховы. Упэўненыя веды і навыкі для гэтага атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, дзе адвучыўся па спецыяльнасці “інжынер-праграміст”, а прыклад бацькі Юрыя Станіслававіча, падпалкоўніка ў адстаўцы, стаў для юнака пуцяводнай зоркай пры выбары службы ў міліцыі. Дарэчы, Ілья – не адзіны прадаўжальнік прафесійнай дынастыі: яго жонка Кацярына Валер’еўна таксама міліцыянер і таксама служыць у аддзеле, але цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Сваім родным і калегам з нагоды свята Ілья Кулікоўскі зычыць здароўя, шчасця, працоўных і жыццёвых поспехаў.
Сяргей Майсейчык, старшы інспектар групы міліцэйскай ваенізаванай вартавой аховы.
У Дзятлаўскі раённы аддзел аховы Сяргей Аркадзьевіч прыйшоў у 2010 годзе з органаў пагранічнай службы. У прафесійным плане яго прывабілі стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, службовая дысцыпліна. Ужо 2 гады займае кіруючую пасаду. Сярод працоўных абавязкаў – ахова ўсіх формаў уласнасці ад аб’ектаў да фізічных асобаў, дагаворная работа, сустрэча з заказчыкамі паслугаў. У падпарадкаванні Сяргея Майсейчыка – 67 работнікаў вартавога саставу і 3 начальнікі падраздзяленняў аховы аб’ектаў Казлоўшчынскага, Новаяльнянскага, Дзятлаўскага ўчасткаў, таму пераважную частку працоўнага часу ён праводзіць у паездках. Увогуле, з паспяховай работай службы міліцэйскай ваенізаванай вартавой аховы напрамую звязана фінансавая стабільнасць аддзела. Дабівацца высокіх вынікаў пры выкананні службовых задач Сяргею Аркадзьевічу дапамагаюць дысцыплінаванасць, настойлівасць, мэтанакіраванасць, уменне дамаўляцца з людзьмі. Калегам да юбілею Дэпартамента аховы Сяргей Майсейчык жадае моцнага здароўя, дабрабыту і ўсяго найлепшага, аддзелу – далейшага паспяховага развіцця.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga