Механізатар ААТ “Граніт-Агра” Уладзімір Гукіш – адзін з самых вядомых працаўнікоў нашага раёна.
Ён выбраў простую сельскагаспадарчую прафесію і дасягнуў у ёй максімальных вынікаў.
Без гэтага слаўнага аграрыя на п’едэстале не абыходзіцца ні адно жніво, дзякуючы яго дасягненням Дзятлаўшчына неаднаразова адзначалася на абласным і рэспубліканскім узроўнях. У яго багажы мноства важкіх узнагарод, сярод якіх – медаль “За працоўныя заслугі” і нават новы аўтамабіль. Аднак самая каштоўная ў жыцці мужчыны ўзнагарода – гэта павага і жыццёвы выбар яго дарослых дзяцей, для якіх дагэтуль няма нічога мілейшага за бацькоўскі дом.
Сам Уладзімір Гукіш усё жыццё ў сельскай гаспадарцы. Упершыню стаў удзельнікам жніва пасля заканчэння шостага класа, працаваў у бацькі памочнікам камбайнера. Ужо тады ў яго з’явілася любоў да тэхнікі. Пасля школы пайшоў вучыцца на механіка, адслужыў тэрміновую службу і вярнуўся ў родны калгас. Пачынаў вадзіцелем аўтамабіля, а праз два гады, у сезон жніва, яму даверылі “Дон-1500”, і ён паспяхова справіўся з задачай: спачатку стаў адным з лепшых камбайнераў у сельгаспрадпрыемстве, а затым – у раёне і вобласці. Адным з першых на Гродзеншчыне намалаціў за сезон больш за 1000 тон збожжа, увайшоў у рэспубліканскі клуб тысячнікаў, атрымаўшы спецыяльнае пасведчанне. Калі гаспадарка набыла першы магутны імпартны збожжаўборачны камбайн “Джон Дзір”, яго прапанавалі Уладзіміру Гукішу як перадавіку. Крыху пазней механізатар змяніў амерыканскую тэхніку на нямецкі “Лексіён-580”, які служыць яму верай і праўдай. За дзесяцігоддзі старанны камбайнер не раз пабываў на рэспубліканскіх “Дажынках”. Першым з Дзятлаўскага раёна ён занесены ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці. Уладзімір Іванавіч выдатна разбіраецца ў тэхніцы, можа даць параду малодшым калегам, у нечым дапамагчы ім.
Да таго ж Уладзімір Гукіш яшчэ і выдатны сем’янін. Са сваёй жонкай Святланай яны пазнаёміліся ў вёсцы Лапушна нашага раёна. Стварылі сям’ю, у якой нарадзіліся дачка Ірына і сын Андрэй, якія выгадаваліся дастойнымі людзьмі на радасць тату і маме. У 2008 годзе гаспадарка выдзеліла яму новы дом з усімі выгодамі ў Круцілавічах: старшыня сам прапанаваў яму, каб не прыходзілася штодня дабірацца на працу за 10 кіламетраў.
На асабістым п’едэстале выдатнага аграрыя Дзятлаўшчыны – яго каханая жонка Святлана Анатольеўна, якой мужчына бязмежна ўдзячны за любоў, клопат, дамашні ачаг, выхаванне дзяцей, якому прысвячала ўсю сябе, пакуль Уладзімір Гукіш ставіў працоўныя рэкорды на палетках малой радзімы.
– Калі б я мог уручыць зорку героя, прысвоіў бы яе сваёй другой палавінцы Святлане. Выхаванне нашых дзяцей – гэта цалкам яе заслуга, – кажа Уладзімір Іванавіч.
Святлану Гукіш гатовы насіць на руках не толькі муж, але і ўвесь аграгарадок Круцілавічы: яе вельмі любяць і цэняць бацькі дашкольнікаў як выдатнага памочніка выхавальніка.
Сын Андрэй, натхнёны бацькавым прыкладам, яшчэ са школьных гадоў пачаў удзельнічаць ва ўборачнай кампаніі, быў памочнікам камбайнера. Сёлета было яго першае самастойнае жніво за рулём такога ж самага, як у бацькі, “Лексіёна”.
– Яшчэ ў дзяцінстве сын заразіўся любоўю да сельскай гаспадаркі, як і я, “падсеў” на работу ў полі, а гэта на ўсё жыццё, – разважае вопытны механізатар.
Андрэй Уладзіміравіч атрымаў вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю і цяпер працуе разам з бацькам у ААТ “Граніт-Агра” на пасадзе інжынера-механіка. Ганарыцца тым, што прадоўжыў сямейную справу. На сёлетнім жніве ўдарна працаваў, каб паказаць вынік, дастойны бацькавага.
– Бацькава навука моцна паўплывала на маё жыццё. Дзякуючы яму я стаў добра разбірацца ў тэхніцы, шчыра палюбіў гэту справу. Шмат ужо ведаю, але і сёння з удзячнасцю прымаю татавы парады, стараюся пераймаць багаты вопыт, якім тата ахвотна дзеліцца. Ён навучыў мяне не толькі адказным адносінам да працы. Яго дабрыня, разважлівасць, грунтоўнасць у любых справах навучыла і нас правільна ставіцца да жыцця, за сям’ю заўжды стаяць гарой. Ён сам вельмі добры чалавек, ніколі нікому не адмовіць у дапамозе, правільна прыменіць свае веды на карысць людзям. Для мяне бацька – выдатны прыклад ва ўсім.
Ірына закончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці “інжынер-тэхнолаг”, звязала жыццё з перапрацоўчай прамысловасцю: працуе ў малочнай кампаніі “Новогрудские Дары”, амаль кожны тыдзень стараецца бываць дома ў Круцілавічах. Ірына Уладзіміраўна на ўсё жыццё запомніла філасофію любімага таты, якой і сама стараецца прытрымлівацца:
– Для мяне сям’я – гэта бясконцая падтрымка заўжды ва ўсіх нашых пачынаннях. Нягледзячы на нашы памылкі, уласныя жыццёвыя “шышкі”, кожны з нас пастаянна чуў ад бацькоў такое важнае “не перажывай, у цябе ўсё атрымаецца”. Тата любіў паўтараць, што мы можам выбраць у жыцці абсалютна любую прафесію, якая нам па душы. Але калі выбралі жыццёвы шлях, трэба трымацца яго да канца і пастарацца быць лепшым у сваёй справе. Таксама народнае выслоўе пра тое, што “слова не верабей, вылеціць – не зловіш” з бацькавых вуснаў гучала як ісціна, якую мы запомнілі назаўжды. Нягледзячы на ўсе свае працоўныя заслугі, тата – вельмі сціплы чалавек, чаму пастараўся навучыць і нас.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ, з архіва сям’і Гукішаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga