21 кастрычніка ў Беларусі ўпершыню адзначылі Дзень бацькі, які цяпер штогод будзе прыпадаць на трэці тыдзень кастрычніка.
З нагоды свята ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты канцэрт з сонечнай назвай “Цяпло сэрцаў – для нашых татаў”.
Павіншаваць апору сем’яў і моцную палову чалавецтва прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, дзятлаўчане.
З віншаваннямі да бацькоў раёна звярнулася начальнік аддзела адукацыі Марына Лашкоўская:
– Мы вельмі ганарымся вамі, нашы таты, і стараемся апраўдваць вашы надзеі. Тата – гэта не проста слова, у ім шмат дзіцячых пачуццяў. Для хлопчыка вы прыклад для пераймання, моцны і смелы, майстар на ўсе рукі, можаце падказаць, як забіць цвік, памірыцца з сябрам, дзе трэба пастаяць за сябе. Для дзяўчынкі – гонар: кожная маленькая прынцэса ў дзяцінстве марыць сустрэць прынца, падобнага да бацькі. Кажуць, маці любіць дзяцей проста так, а бацька за тое, хто яны ёсць. Дарагія таты, жадаем вам любіць сваіх дзяцей ад душы і быць імі любімымі, няхай гэта стане галоўным дасягненнем у вашым жыцці. Мудрасці вам, цярпення, здароўя. Будзьце годнымі бацькамі, бо, аддаючы дзецям лепшае, мы ўсе становімся лепшымі самі.
У гэты дзень на сцэне ўшанавалі падарункамі бацькоў раёна, якія самі гадуюць дзяцей – Станіслава Валчэцкага і Руслана Бажка.
Музычныя паштоўкі для бацькоў раёна падрыхтавалі Марына Варган, Ганна Харлінская, Сяргей Малышчык, Аляксандр Пігульскі, Андрэй Добыш, Аляксандр Баклушын, Таццяна Шостка, ансамбль песні “Мара” Дварэцкага дома культуры, інструментальны ансамбль “Гарачыя сэрцы”, Анастасія Клімец. Віншавальныя сюрпрызы татам падарылі і дзеці – выхаванцы дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, а таксама Аліна Пігульская, Арсеній Лішык, Максім Грыб і Ірына Сідорчык з Новаяльнянскай ДШМ.
Удзельнікі свята таксама паглядзелі відэаролік-віншаванне ад дзетак і відэа аб сям’і Міклашаў, якія сталі прызёрамі рэспубліканскага фіналу “Сям’я года-2022” у Мінску.
Прыемным момантам стала аб’яўленне вынікаў фотаконкурсу “Не надобно другого образца, когда в глазах пример отца” рэдакцыі газеты “Перамога”. Лепшым было прызнана фота сям’і Верамейкаў. Шматдзетнага тату Георгія Уладзіміравіча запрашаем у рэдакцыю па прыз. Дарэчы, з фотаздымкамі, дасланымі на конкурс, наведвальнікаў свята пазнаёміла “фотасушка”, якая была арганізавана ў фае цэнтра культуры, тут жа размясціліся святочныя фотазоны і вялікае сэрца для пажаданняў ад дзяцей.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga