Бабры “атакуюць”. Як не страціць экалагічны баланс?

Важнае Грамадства

Практычна кожны з нас са спагадай і захапленнем ставіцца да жывой прыроды.

Кранальныя хатнія гадаванцы, надзейныя памочнікі ў сельскай гаспадарцы, мілыя дзікія жывёлы ў запаведніках і заапарках – іх мы любім і шкадуем. Але як быць са звярамі, якія пераходзяць межы свайго месца пражывання, наносячы шкоду не толькі чалавеку, але і навакольнаму асяроддзю? Каму спагадаць і каго ратаваць у такім разе? Гэту дылему вырашаем разам з дзятлаўчанамі.

Не так даўно ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники” з’явіўся пост рыбалова-аматара Мікалая Пуйты наступнага зместу:

“Уздоўж возера ў горадзе Дзятлаве ў свой час былі высаджаны рабіны. Частку з іх знішчылі невядомыя асобы. Астатнія дрэўцы падраслі і сталі радаваць буйной квеценню вясною і пышнымі чырвонымі гронкамі ўвосень. Але і гэтым дрэвам пагражае знішчэнне: на возеры завёўся бабёр-“лесаруб”, і два дрэўцы ўжо знішчаны. Ім таксама знішчаны ніцыя вербы…”

У тэлефоннай размове Мікалай Віктаравіч расказаў, што шкода, нанесеная дрэвам у райцэнтры, далёка не самае горшае, што робяць на Дзятлаўшчыне нашы зубастыя “сябры”:

– Часта бываю на невялікіх рэках раёна, такіх як Промша, Дзятлаўка, і назіраю, што на іх паўсюль з’явіліся вялізныя плаціны. Яны перашкаджаюць нармальнаму існаванню фарэлі і харыуса, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, якія да нядаўняга часу вадзіліся ў нашых рэках. Рыбы не маюць магчымасці перамяшчацца на нераст, не пераносяць застою вады, створанага плацінамі, па гэтай прычыне гінуць. Дзятлаўскі раён здаўна быў адметны тым, што ў нас жыло нямала прадстаўнікоў гэтых каштоўных відаў рыб, але баюся, што цяпер сітуацыя змянілася. Бабровыя збудаванні ёсць і каля чыгуначнага моста ў Наваельні, і перад Гезгаламі, каля возера ў Русаках ды шмат дзе па раёне. Нават тут, каля азёраў у цэнтры Дзятлава, стаяць дзве або тры плаціны. Як вынік, акрамя шкоды рыбе, – знішчаныя зялёныя насаджэнні па берагах вадаёмаў.

У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адзначаюць, што бабровая праблема для нашага раёна зусім не новая. З ёй змагаюцца па меры сіл, кожны раз пераадольваючы шэраг тэхнічных умоўнасцяў.

– З многіх населеных пунктаў раёна пастаянна ідуць звароты ў раённую камісію па папярэджанні знішчэння або пашкоджання паляўнічымі жывёламі сельскагаспадарчых або лясных культур, якую ўзначальвае першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, – расказвае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі. – Нядаўна мы разглядалі выпадак на азёрах у Дзятлаве.

Дзмітрый Георгіевіч расказаў, што дадзенае пытанне, як і іншыя падобныя, вырашаецца згодна з правіламі вядзення палявання і паляўнічай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь: камісія абследуе месца здарэння, складае акт, у якім указвае меркаваную колькасць асобінаў баброў, якія жывуць у дадзенай мясцовасці. Для таго, каб выдаліць шкоднікаў з вызначанай тэрыторыі, складаецца ліст на Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя для атрымання дазволу. І толькі пасля гэтага даецца “зялёнае святло” паляўнічым раёна на адлоў або знішчэнне жывёлаў. Аднак і тут ёсць свае нюансы: у рысе населенага пункта і зялёнай зоне, якая прылягае да яго, паляванне з агнястрэльнай зброяй забаронена. Даводзіцца праводзіць адлоў іншымі даступнымі спосабамі.

Штогод такім чынам знішчаецца або перавозіцца ў дзікую прыроду пэўная колькасць дарослых баброў, напрыклад, у мінулым годзе толькі ў Дзятлаве іх было вылаўлена чатыры. Інспектары растлумачылі, што на азёрах у райцэнтры “арудуюць” не пастаянныя насельнікі вадаёмаў, а бабры-мігранты, якія жывуць адразу за межамі Дзятлава, збудавалі там вялізную баброўню, з якой перамяшчаюцца па бліжэйшых вадаёмах раёна. Запыт на іх адлоў ужо накіраваны ў міністэрства, таму ў хуткім часе праблема будзе вырашацца кардынальна.  Пакуль жа, каб зберагчы астатнія дрэвы на ўзбярэжжы, жылкамунгас будзе абараняць іх ад шкоднікаў, абкручваючы металічны дрот вакол ствала.

Галоўны спецыяліст інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Лявончык дадае, што страты ад дзейнасці баброў у раёне набываюць гіганцкі маштаб. Гэта і падтопленыя агароды, і знішчаныя сады, і парушэнне нармальнага функцыянавання рэк.

– Бабры сталі адчуваць сябе вольна, часта не баяцца паказвацца блізка да людзей, асабліва зімой, – адзначае ён. – Катэгарычна не рэкамендую жыхарам раёна сваімі сіламі спрабаваць адлавіць жывёлаў – гэта можа быць вельмі небяспечным для здароўя і жыцця. Бабры ў звычайным сваім стане не агрэсіўныя, але, калі адчуваюць пагрозу або абараняюць патомства, могуць нападаць. Калі вас “атакавалі” бабры, звяртайцеся да спецыялістаў, яны дапамогуць вырашыць праблему.

Якія высновы з гэтай сітуацыі? Перафразуючы словы вядомага кінагероя, заўважу: “баброў шкада”… але і людзей, прыроду шкада не менш. І калі ад дзейнасці аднаго віду пакутуе ўся экасістэма раёна, трэба гэта спыняць як мага хутчэй.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga