Зноў кусаюцца

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

За 8 месяцаў 2022 года ў медыцынскія ўстановы Дзятлаўскага раёна звярнулася 72 чалавекі з укусамі кляшчоў, у тым ліку 29 дзяцей.

Амаль чацвёртая частка (19 чалавек) тых, хто звярнуўся,  адзначаюць факт нападу кляшчоў на прысядзібных участках прыватных домаўладанняў.

Укус кляшча каварны тым, што чалавек яго практычна не адчувае –праколваючы сваім хабатком скуру, клешч уводзіць разам са слінай абязбольваючае рэчыва. Толькі на другі-трэці дзень месца ўкусу становіцца злёгку балючым. Чым жа могуць заразіць чалавека кляшчы?

Па-першае, клешчавым энцэфалітам. Інфекцыя ўздзейнічае на нервовую сістэму. Слабасць, разбітасць, ламата, пачуццё здранцвення ў вобласці шыі, плечавага пояса, рук і паясніцы, моцны галаўны боль, галавакружэнне, святлабоязь, млоснасць, ваніты – так арганізм рэагуе на таксіны віруса. Тэмпература, як правіла, трымаецца не ніжэй за 38 градусаў.

Заразіцца клешчавым энцэфалітам можна пры ўжыванні ў ежу сырога казінага малака, асабліва ў вясенне-летні перыяд.

Яшчэ адна інфекцыя – клешчавы барэліёз (хвароба Лайма). У першую чаргу ўзбуджальнік барэліёзу ўздзейнічае на скуру, апорна-рухальны апарат, нервовую сістэму і сэрца. І што небяспечна, робіць гэта не заўсёды адразу – драмаць у арганізме або млява цячы хвароба можа гадамі.

Як жа абараніць сябе ад небяспечнага насякомага?

Пры працяглым знаходжанні ў лесе насіце вопратку, якая максімальна закрывае адкрытыя ўчасткі цела;

карыстайцеся сродкамі, якія адпужваюць кляшчоў;

праводзьце сама- і ўзаемаагляды праз кожныя дзве гадзіны знаходжання ў лесе і пасля выхаду з яго для выяўлення і зняцця кляшчоў;

для памяншэння колькасці кляшчоў на прысядзібным участку выдаляйце ламачча, высякайце непатрэбныя кусты і рэгулярна скошвайце траву;

не дапускайце выпасу козаў у лясной зоне, своечасова здымайце з іх кляшчоў. Малако ўжывайце ў ежу толькі кіпячонае (вірус клешчавога энцэфаліту гіне за дзве хвіліны кіпячэння).

Мікалай ДЗЯДОВІЧ,
доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga