У школу з падарункамі ад Чырвонага Крыжа

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца маштабная дабрачынная кампанія ад Таварыства Чырвонага Крыжа “Збяром дзяцей у школу”.

У рамках яе Дзятлаўская раённая арганізацыя падрыхтавала падарункі для 13 школьнікаў раёна.

Нагадаем, што сабірацца ў школу таварыства дапамагае навучэнцам, якія гадуюцца ў малазабяспечаных шматдзетных і няпоўных сем’ях, дзецям-інвалідам, сацыяльным сіротам і тым з іх, хто сёлета ідзе ў першы клас.

Старшыня раённай арганізацыі Галіна Касцюк з цёплымі віншаваннямі, пажаданнямі поспехаў у вучобе і карыснымі падарункамі да школы ўжо пабывала ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў з горада Дзятлава, дзе ўручыла канцылярскія рэчы 8 дзецям, таксама прыгожыя партфелі, сшыткі і іншыя неабходныя падарункі атрымалі Карына Жукоўская і Кірыл Кучынскі, першакласнікі Анастасія Адамчык з Наваельні і Ілья Губко з Дварца. Яшчэ адзін школьны набор будзе перададзены Вадзіму Мудраму з вёскі Норцавічы.

– Спісы навучэнцаў, якім Таварыства Чырвонага Крыжа сёлета дапамагае сабрацца ў школу, прадаставілі аддзел адукацыі райвыканкама і сярэднія школы № 3 і № 1 горада Дзятлава, – зазначае Галіна Касцюк. – Карысныя ж падарункі да новага навучальнага года, якія не толькі спатрэбяцца для навучання, але і дзень за днём будуць дарыць вучням добры настрой, перадалі прыватныя прадпрымальнікі Зарына Харошка з магазіна “Святлана”, Алена Дорань з магазіна “Алекс”, Тамара Марчанка і Сяргей Бірук з магазіна “Санет”.

Няхай навучальны год прынясе хлопчыкам і дзяўчынкам новыя дасягненні і яркія моманты, а я нагадаю, што дабрачынная кампанія прадаўжаецца да 15 верасня.

Ірына СТЫРНІК
Фота Ільі КАВАЛЕНКІ