Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 19 па 25 верасня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 56 паведамленняў, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 25 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 28 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 20 правапарушальнікаў, узбуджана 6 крымінальных спраў.

“Разбагацеў” на новую судзімасць

Адзін з насельнікаў папраўчай калоніі-пасялення № 26 аграгарадка Гезгалы, яшчэ не адбыўшы ранейшае пакаранне, зноў учыніў злачынства. Мужчына не знайшоў нічога лепшага, як абакрасці магазін на тэрыторыі калоніі, які да таго ж знаходзіцца пад ахоўнай сігналізацыяй. У гандлёвы аб’ект злодзей залез праз незачыненае акно і вынес адтуль 3400 рублёў. Вядома ж, супрацьпраўны ўчынак быў раскрыты па гарачых слядах. Чым гэта скончыцца для злодзея, вызначыць суд.

Ключ – ва ўмоўным месцы

Раней не судзімы жыхар адной з вёсак раёна даведаўся, дзе яго зямлячка-пенсіянерка “ва ўмоўным месцы” хавае ключ ад свайго дома. Скарыстаўшыся момантам, пакуль гаспадыня адсутнічала, вясковец пабываў у яе “ў гасцях” і забраў з сабой 270 долараў ЗША. Праваахоўнікі высветлілі, куды зніклі грошы, цяпер “прадпрымальнага” вяскоўца чакае пакаранне.

Чым перашкодзіў аўтобус?

Крымінальная справа за хуліганства ўзбуджана на раней судзімага жыхара аднаго з гарпасёлкаў нашага раёна. Сярод белага дня мужчына наўмысна пашкодзіў аўтобус МАЗ, які належыць дзятлаўскай арганізацыі, чым нанёс ёй урон на 580 рублёў. За свой учынак гарпасялковец адкажа перад судом.

“Паплыла” ў інтэрнэт пенсія

Ад чарговага інтэрнэт-злачынства ў нашым раёне пацярпела жыхарка адной з вёсак. Невядомы інтэрнэт-злодзей пакінуў пенсіянерку без 400 рублёў на яе карт-рахунку. Узбуджана крымінальная справа.

Такі бізнес па-за законам

У Дзятлаўскім раёне знойдзены і канфіскаваны самагонны апарат, знішчана 250 літраў самагоннай брагі і 65,5 літра самагону. Па факце незаконнага вырабу спіртнога напою праводзіцца праверка.

Дзяніс АЎРАМЕНКАЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga