Газета “Перамога” далучылася да інфармацыйнага праекта “Равеснікі маладой Беларусі”, заснаванага Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў.
У ходзе яго вы даведаецеся аб выдатных людзях, якім сёлета споўніўся 31 год, як і нашай незалежнай дзяржаве. Іх жыццёвы шлях праходзіў разам са станаўленнем і росквітам нашай краіны. Гэтыя людзі паспяхова праявілі сябе ў працы і грамадскім жыцці, дасягнулі высокіх вынікаў. Яны ёсць, паспяхова рэалізоўваюць свае ідэі, уменні і здольнасці, душой хварэюць за сучаснасць і шчаслівую будучыню роднай Беларусі.
Загадчыца кабінета ультрагукавой дыягностыкі Дзятлаўскай ЦРБ Кацярына Іода прыйшла ў наш раён маладым спецыялістам у 2013 годзе, затым прайшла інтэрнатуру “Прамянёвая дыягностыка” на базе абласной бальніцы. За дастаткова невялікі тэрмін, што працуе ў райбальніцы доктарам-рэнтгенолагам і спецыялістам ультрагукавой дыягностыкі, Кацярына Уладзіміраўна паспела павысіць кваліфікацыю, узначаліць аддзяленне, атрымаць тытул у конкурсе прыгажосці, стварыць сям’ю і стаць маладой мамай, не забываючы пры гэтым аб прафесійным прызванні. Сёння малады амбіцыёзны доктар узгадвае, чаму абрала справай жыцця медыцыну:
– Атрымалася рэалізаваць дзіцячую наіўную мару лячыць усіх, як у кніжцы пра доктара Айбаліта. І, не менш важнае, кантраляваць здароўе бацькоў.
– Ці лёгка даваўся вопыт у прафесіі?
– Я ўсведамляла, што выбрала складаную і дынамічную спецыяльнасць, якая заўжды будзе трымаць “у тонусе”. Працаваць пачала ўжо на трэцім курсе ў абласной бальніцы. Было вельмі складана, але гэта быў каштоўны вопыт. У райбальніцу разам са мной прыйшлі маладыя медыкі, таму не заўсёды было ў каго спытаць парады. У такім разе дапамагала спецыяльная літаратура.
– За час работы ў райбальніцы вы паспелі праявіць сябе і ў грамадскім жыцці. Як гэта было?
– Я лічу, што ад жыцця трэба браць максімум. Таму стараюся быць актыўнай у розных сферах. З цікавасцю займалася прафсаюзнай дзейнасцю да самага выхаду ў дэкрэтны адпачынак. Гэта вельмі добры вопыт, дзякуючы якому навучылася лепш разумець запыты сваіх калег па працы і ветэранаў галіны. А калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у раённым конкурсе таленту і грацыі “Краса Дзятлаўшчыны”, з радасцю пагадзілася, бо гэта таксама новы цікавы вопыт. Два месяцы падрыхтоўкі былі вельмі насычанымі і цікавымі, падарылі новыя знаёмствы, мора пазітыўных эмоцый. Як вынік, тытулы “Міс глядацкіх сімпатый” і “Міс фота”.
– У 2020 годзе вы сталі мамай. Кар’еру давялося адкласці на потым?
– Так, два гады таму нарадзілася наша шчасце – сын Павел. На дадзены момант я ў дэкрэтным адпачынку. Але медыцынскую практыку і самаразвіццё не пакінула, працую пакрыху, вывучаю кнігі па спецыяльнасці. Я нават жартую, што ў сям’і ў нас расце доктар-дыягност: сын з вялікай цікавасцю гартае мае кнігі, дапамагае ў рабоце. Для мяне, маладой мамы, работа стала аддушынай, стымулам: не дала ўпасці ў дэпрэсію, прымусіла хутка вярнуцца да актыўнага жыцця. Сям’я стараецца ставіцца з разуменнем да гэтага.
– Як вы лічыце, наколькі зрабіла крок наперад медыцына суверэннай Беларусі?
– Калі казаць пра сферу дыягностыкі, то тут кожны год адбываюцца істотныя перамены. За час маёй работы ў Дзятлаўскай ЦРБ апарат ультрагукавой дыягностыкі некалі экспертнага класа стаў неактуальным і быў заменены на сучасны высакакласны, таксама ёсць партатыўны апарат. На рэспубліканскім узроўні кантралюецца якасць і даступнасць аказання медыцынскіх паслуг, абнаўленне апаратаў. На жаль, павялічылася колькасць і складанасць захворванніяў насельніцтва. Аб істотным прагрэсе ў медыцыне лепш за ўсё гавораць факты: сёння ў паліклініцы мы можам дыягназаваць на ранніх стадыях анкалагічныя захворванні, мочакаменныя хваробы, трамбозы, актуальныя пасля каранавірусу, дзіцячыя парокі і затрымку развіцця.
– Якія эмоцыі ў вас выклікае тое, што вы равесніца нашай краіны?
– Мне імпануе, што мая родная Беларусь ідзе сваім шляхам развіцця, стараюся адпавядаць. Я б сёння таксама выбрала медыцыну, свой раён. Быць паспяховым можна і на малой радзіме. Для моладзі адкрыты ўсе дзверы: хто хоча зарабіць грошы або рэалізаваць сябе, той зможа гэта зрабіць. Перспектывы і магчымасці ёсць, было б жаданне.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga