У верасні ў нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня” прайшоў IV рэспубліканскі форум важатых ГА “БРПА” “Пакаленне альфа – ствараем будучыню”.
Ён сабраў каля 200 важатых з усіх куткоў Беларусі і 16 спікераў па актуальных тэмах. Наш раён на форуме прадстаўляла педагог-арганізатар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, яна ж старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка.
Ірына Анатольеўна падзялілася ўражаннямі ад паездкі на рэспубліканскую сустрэчу:
– Гэта былі тры дні яркіх уражанняў, сяброўства і карыснага вопыту, ад якіх засталіся добрыя ўспаміны, планы і прыгожыя фотаздымкі.
Форум дапамог “запасціся” метадычнай базай на новы навучальны год, даў магчымасць паўдзельнічаць у практыкумах і майстар-класах. Самае цікавае, аб чым даведалася, абавязкова буду выкарыстоўваць у далейшай рабоце з моладдзю.
Праграма была насычанай і ўключала навучальныя модулі, практычныя заняткі, абмен вопытам у групах, таксама спецыялісты цэнтра “Зубраня” прапанавалі нам паўдзельнічаць у іх традыцыйных мерапрыемствах “Тэрыторыя дзяцінства” і турыстычнай праграме, якія яны ўжо апрабавалі на ўласным вопыце пры рабоце з дзецьмі.
Мора ўражанняў пакінула “Сустрэча на ўсе 100” з лідарамі і кіраўнікамі грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “БРПА”, прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі. Разам пагутарылі аб важнасці аб’яднанняў для фарміравання асобы грамадзяніна-патрыёта сваёй Радзімы, абмеркавалі далейшае ўзаемадзеянне нашых арганізацый, праблемныя моманты ў рабоце і шляхі іх пераадолення. Сышліся на думцы, што рэгулярнае правядзенне такіх форумаў на рэспубліканскім і рэгіянальных узроўнях будзе эфектыўнай формай павышэння прафесійных кампетэнцый педагогаў рэспублікі.
Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны МІШЧАНКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga