Хвала рукам, што пахнуць хлебам (+відэа)

Галоўнае Улада

У межах раённага свята “Дажынкі-2022” адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання працаўнікоў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у час сёлетняй уборачнай кампаніі.
Урачыстасць распачало шэсце працоўных калектываў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны, якое адкрываў сімвал сёлетніх “Дажынак” – раённы каравай агульнай “вагой” 62 039 тон намалочанага збожжа.

На цэнтральнай плошчы Дзятлава перадавікоў жніва сустракала кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна, запрошаныя госці.

Андрэй Садоўскі павіншаваў дзятлаўчан са святам, выказаў словы ўдзячнасці хлебаробам раёна:

– Сёння мы ўшаноўваем хлебаробаў, дзякуючы працы якіх квітнее і развіваецца родная Беларусь і наш Дзятлаўскі раён. “Дажынкі” – гэта свята працаўнікоў, якія вырасцілі і сабралі хлеб. Дзякуючы зладжанай рабоце аграрнага сектара Дзятлаўшчыны сёлетняя ўборачная кампанія была праведзена арганізавана і вынікова. Адрасую словы ўдзячнасці ўсім хлебаробам раёна – аграномам, інжынерам, камбайнерам, трактарыстам-машыністам, механізатарам, вадзіцелям, машыністам і аператарам збожжасушыльных комплексаў за вашы залатыя рукі і найвышэйшую грамадзянскую адказнасць. Дзякуючы вашай працы наш раён своечасова і паспяхова завяршыў уборачную кампанію. Каб дасягнуць такіх высокіх паказчыкаў, важна ўлічваць розныя фактары. Але самым важным з іх застаецца людская праца. Шчыра дзякую вам за старанне, напружаныя працоўныя будні, адказныя адносіны да выканання абавязкаў, за клопат аб сёлетнім хлебе.

Ад імя ўсіх удзельнікаў сёлетняга жніва духмяны каравай кіраўніку раёна ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка. Таксама сімвалічныя караваі з лічбамі сёлетняга ўраджаю ад кіраўніцтва раёна атрымаў кіраўнік кожнага сельгаспрадпрыемства: ААТ “Граніт-Агра” – 17 444 тоны зерня (кіраўнік Станіслаў Мазур), СГФ “АграМілк” – 10 446 тон (Аляксандр Грынкевіч), ТАА “РоданАгра” –7641 тона (Пётр Роўба), ААТ “Дварэц-Агра” – 7025 тон (Вадзім Царык), ТАА “РоданАграПол” – 6822 тоны, КСУП “Войневічы” – 6670 тон (Сяргей Францішчык), КСУП “Хвінявічы” – 3190 тон (Мікалай Бубноўскі), КСУП “Жукоўшчына” – 2801 тона (Васіль Алясюк).

Уладзімір Сіняк павіншаваў землякоў са святам і перадаў Андрэю Садоўскаму віншавальны адрас ад кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь для хлебаробаў раёна.

– Ваша прыродная мудрасць, асабістыя перажыванні, працавітасць, вернасць выбранай справе, беражлівыя адносіны да прыродных багаццяў і  найвышэйшая адказнасць быць сапраўднымі гаспадарамі роднай зямлі варта самых цёплых словаў удзячнасці і глыбокай павагі. Дзякуй вам за сумленную працу, высокі прафесіяналізм, імкненне ўдасканальвацца. Жадаем вам здароўя і дабрабыту, урадлівай глебы і выдатнага надвор’я, высокага ўраджаю і дастойнага прыбытку, – агучыў ён радкі дакумента.
Старшыня райвыканкама ўзнагародзіў пераможцаў раённых спаборніцтваў на пасяўной кампаніі, уборцы ўраджаю, якія паказалі высокі вынік, пры гэтым не дапусцілі парушэнняў вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, умоваў аховы працы.

Пераможцы раённых спаборніцтваў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2022 годзе сярод прадпрыемстваў размеркаваліся наступным чынам: 1 месца – СГФ “АграМілк”, 2 месца – ААТ “Граніт-Агра”, 3 месца – ТАА “РоданАгра”.

Узнагароды раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю рапсу, зерневых і зернебабовых культур сярод моладзевых экіпажаў і маладых вадзіцеляў, аграномаў і інжынераў, занятых на жніве-2022, уручыла першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Павіншаваў прысутных са святам і адзначыў лепшых аграрыяў прафсаюзнымі ўзнагародамі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык агучыў вынікі прафсаюзнага спаборніцтва на лепшую арганізацыю харчавання механізатараў у ходзе ўборачнай кампаніі 2022 года. Пераможцай стала КСУП «Хвінявічы» (адказная – Ганна Федаровіч), другое месца – у ААТ “Граніт-Агра” (адказная –Алена Зенчык), трэцяе – у ААТ “Дварэц-Агра”.

У межах святкавання раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2022” прайшлі тэматычныя конкурсы. Лепшымі ў вырабе і афармленні дажынкавага снапа сталі прадстаўнікі КСУП “Жукоўшчына”, у конкурсе на лепшы каравай перамог калектыў КСУП “Войневічы”, лепшы вянок-сімвал свята – лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, лепшы сельскагаспадарчы падворак – ААТ “Граніт-Агра”. Дыпломы пераможцам уручыў Віталій Шулейка, грашовыя прэміі будуць пералічаны на рахунак прадпрыемстваў.

У народзе кажуць: ёсць хлеб – будзе і песня. У гэты дзень музычныя сюрпрызы гасцям раённых “Дажынак” дарылі таленавітыя калектывы і артысты Дзятлаўшчыны – ансамблі “Суседзі, “Зараначка”, “Ятранка”, “Мара”, група “Бархат”, вакальная група народнага хору “Ветэраны ў страі”, вакальны дуэт гімназіі № 1 горада Дзятлава, Тамара Ступак, Ала Чарняўская, Аліса Дзірвук, Андрэй Добыш.

На завяршэнні ўрачыстасці ўсіх гасцей свята запрасілі пачаставацца духмянымі караваямі новага ўраджаю.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga