“БРСМ”: 20 гадоў разам!” (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Урачыстая сустрэча пад такой назвай, прымеркаваная да 20-годдзя з дня стварэння моладзевай арганізацыі, сабрала ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ўдзельнікаў і сяброў Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.

На пачатку мерапрыемства прысутныя прагарталі старонкі гісторыі развіцця моладзевага руху ад камсамолу да нашых дзён, узгадалі шматлікія значныя праекты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, сярод якіх “100 ідэй для Беларусі”, “Уладар сяла”, “Дзякуй за Перамогу”, зазірнулі ў скарбонку добрых спраў аб’яднання, успомнілі студатрадаўскія будні.

 

– Ля вытокаў стварэння маштабнай моладзевай арганізацыі Беларусі ў свой час стаяў Прэзідэнт нашай краіны, які выказаў спадзяванне, што ГА “БРСМ” стане адной з апор нашага грамадства, – звярнуўся з віншавальным словам да прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі Аляксандр Бараноўскі. – За 20 гадоў існавання аб’яднанне і сапраўды сабрала ў сваіх радах тысячы актыўных, нераўнадушных, таленавітых маладых беларусаў, якія імкнуцца зрабіць наша жыццё больш цікавым, а родную краіну – прыгожай і моцнай. Толькі раённае моладзевае аб’яднанне цяпер налічвае 805 маладых патрыётаў з 38 першасных арганізацый. Гэта моцная каманда дзятлаўчан, якія актыўна ўдзельнічаюць у праектах грамадзянска-патрыятычнай скіраванасці, уваходзяць у моладзевыя атрады аховы правапарадку, з’яўляюцца ўдзельнікамі студатрадаўскага руху, валанцёрамі, арганізатарамі дабрачынных акцый. З упэўненасцю магу сказаць, што моладзь Дзятлаўшчыны, якую аб’яднала ГА “БРСМ”, паважае традыцыі і культуру свайго народа, праяўляе грамадзянскую свядомасць і патрыятызм. Віншую ўсіх з юбілеем арганізацыі, няхай ваша жыццё застаецца такім жа актыўным і цікавым і ў ім заўсёды знаходзіцца час для вучобы і навукі, работы і грамадскай дзейнасці, будзьце настойлівымі ў дасягненні пастаўленых мэтаў, натхнення вам і аптымізму.

Не абышлося свята без традыцыйных віншаванняў, узнагародаў і падарункаў, у тым ліку і музычных ад навучэнцаў і артыстаў раёна. З успамінамі аб буднях арганізацыі выступілі ранейшыя моладзевыя лідары і актывісты Вольга Васіленка і Аляксей Якаўчык, выказалі цёплыя пажаданні, уручылі падарункі і ўзнагароды начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, яна ж намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вольга Рагачова, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык і раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча.

Словы падзякі за добрыя справы, сумесныя праекты, значныя дасягненні і плённае супрацоўніцтва прысутным і сябрам моладзевай арганізацыі выказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

– Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – гэта душа і жыццё, сяброўства, яркія эмоцыі, цікавая праца, цудоўны час. Шчыра ўдзячна ўсім, з кім працую поруч. Мы – вялікая каманда. Варта назваць і імя чалавека, які працуе ў раённай арганізацыі з моманту заснавання і прайшоў усе этапы яе станаўлення – гэта Наталля Маркава. Упэўнена, што і надалей удзельнікі нашага аб’яднання будуць праслаўляць родны раён і краіну сваімі добрымі справамі, – зазначыла моладзевы лідар Дзятлаўшчыны.

Запамінальным момантам сустрэчы стаў урачысты прыём у рады ГА “БРСМ” 19 навучэнцаў Казлоўшчынскай школы і іх выступленне са словамі абяцання.

Завяршылася свята ўскладаннем кветак да мемарыяла – брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі і партызанаў, загінулых пры вызваленні Дзятлаўскага раёна, і магілаў Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова ў гарадскім парку, якое было прымеркавана да Года гістарычнай памяці і Дня народнага адзінства, што будзем святкаваць 17 верасня.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga