Антаніна Абярухціна: “Хачу жыць тут, цяпер і быць шчаслівай”

Важнае Грамадства

Беларусь – наша родная старонка, краіна, якая працягвае ўсім руку дапамогі і гоіць душэўныя раны.

Краіна, дзе можна і трэба быць шчаслівымі. У гэтым упэўнілася доктар-фтызіятр Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня” Антаніна Абярухціна.

Кашмар, які ажыў

Біяграфія бежанкі, а сёння грамадзянкі Рэспублікі Беларусь Антаніны Абярухцінай, пачыналася звычайна. Яна нарадзілася ў горадзе Вуглягорску Данецкай вобласці ў сям’і шахцёра і педагога, яе мама прайшла шлях ад настаўніцы да дырэктара школы-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця. Сама дзяўчына абрала прафесію доктара, паспяхова скончыла лячэбны факультэт Луганскага медыцынскага ўніверсітэта, паступіла ў інтэрнатуру, якую праходзіла ў мясцовай бальніцы, пакуль 2014 год не раздзяліў жыццё сям’і на “да” і “пасля”.

– Была звычайная раніца, мы паснедалі і збіраліся з сям’ёй на агарод, бо прывыклі выконваць хатнія справы разам, – расказвае жанчына. – І тут пачулі зусім блізка гук артылерыйскага абстрэлу. Некалькі імгненняў былі ў шоку, не маглі зразумець, што адбываецца. Затым тэрмінова спусціліся ў падвал, дзе і давялося жыць наступныя пяць дзён.

Антаніна Ігараўна ніколі не забудзе тое пачуццё жаху, якое разам з дахоўкай з суседніх дамоў накрывала яе, калі з мамай беглі ў схованку. А потым прызвычаіліся да выбухаў і абстрэлаў. Не прывыклі, папраўляе сама сябе суразмоўніца, а змірыліся, навучыліся па гуку вызначаць, хто страляе, адкуль і куды паляцяць кулі або ўпадзе снарад. Калі лінія фронту, якая пралягала праз родны горад, прасунулася крыху далей, людзі вярнуліся да сваіх паўсядзённых справаў. Антаніна Абярухціна пайшла працаваць у бальніцу доктарам-тэрапеўтам.

– Хоць мама і вельмі хвалявалася за мяне, але і работу ніхто не адмяняў, – успамінае яна. – Раніцай, калі а сёмай гадзіне пачыналіся абстрэлы, я ішла ў бальніцу. Перамяшчалася асцярожна, недзе прыгіналася, недзе клалася на зямлю. Дадому трэба было вярнуцца да каменданцкага часу і ні ў якім разе не выходзіць да раніцы. Дома вокны звечара заўсёды завешвалі, бо, калі гэтага не зрабіць, украінскі патруль аўтаматнай чаргой па вокнах “выключаў” святло. Аднойчы нашых суседзяў так выпадкова… забілі. Беззаконне і людское бяспраўе было паўсюль.

Ад’езду Антаніны Абярухцінай з родных мясцін паспрыяў не страх за жыццё, а боязь не рэалізаваць сябе ў прафесійным плане. У час чарговага масіўнага абстрэлу бальніцу, дзе працавала жанчына, знішчылі, – згарэлі дакументы, яна засталася без працоўнага месца з незакончанай інтэрнатурай. Паспрабавала знайсці работу ва ўкраінскіх гарадах, але спачування і дапамогі не атрымала і адважылася змяніць месца жыхарства.

– У той самы дзень снарады патрапілі ў два жылыя дамы, загінулі дзеці. У сувязі з гэтым фактам прадстаўнікі АБСЕ вялі на месцы расследаванне, на нашай тэрыторыі ўстанавіўся “рэжым цішыні” – некалькі дзён не стралялі. І я вырашыла, што іншага такога шанцу можа не быць. Развіталася з бацькамі і паехала ў Беларусь да цёткі, дваюраднай мамінай сястры, якую раней ніколі ў жыцці не бачыла.

Беларусь прытуліла па-мацярынску

Прыехаўшы ў Наваельню, Антаніна Абярухціна ў поўнай меры адчула сэнс словаў “сямейныя каштоўнасці”. Сям’я прыняла яе як родную, Беларусь уразіла да глыбіні душы не толькі шыкоўнай прыродай, якая адрознівалася ад данецкіх стэпаў, але і добразычлівасцю, спагадай, адкрытай душой, з якой людзі паставіліся да яе.

– Самым нязвыклым першыя два месяцы было тое, што паўсюль спакойна, няма бамбёжкі і абстрэлаў, – расказвае Антаніна Ігараўна. – Нават прачыналася сярод ночы і не магла зразумець, чаму так ціха?.. Нягледзячы на тое, што тут хутка ўсё наладзілася, страшна было за бацькоў, з якімі не магла звязацца доўгі час.

Прыехаўшы на Дзятлаўшчыну, жанчына патрапіла пад дзеянне спецыяльнага Указа Прэзідэнта Беларусі, які надзяляў перасяленцаў з Данецкай і Луганскай абласцей правамі і льготамі, роўнымі з грамадзянамі Беларусі. Так яна змагла паступіць у інтэрнатуру ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, уладкавацца на работу ў Новаяльнянскую паліклініку Дзятлаўскай ЦРБ.

– Не адна я скарысталася такой магчымасцю, крыху пазней у Беларусь прыехала мая сяброўка, якая цяпер працуе і жыве ў Мінску, – расказвае Антаніна Абярухціна. – Дзякуй аддзелу па грамадзянстве і міграцыі, яго цудоўным супрацоўніцам, якія падрабязна інфармуюць мяне аб любых змяненнях заканадаўства і новых магчымасцях. Так я даведалася, што магу атрымаць беларускае грамадзянства не праз сем гадоў, а крыху раней, і скарысталася гэтай магчымасцю.

На Дзятлаўшчыне жанчына знайшла асабістае шчасце: на навагоднім карпаратыве медыцынскіх работнікаў пазнаёмілася з будучым мужам Міхаілам Абярухціным.

– Дагэтуль не была замужам, але мела асабістыя расчараванні, – расказвае жанчына. – Міхаіл сваімі паводзінамі, якасцямі характару пераканаў мяне, што яму можна давяраць. Аднойчы сустрэў – і не адпусціў, чаму я была толькі рада.

Але ўсё гэта здарылася пазней. А напачатку была вялізная, усёпаглынальная туга па Радзіме. У прыгожай мірнай Беларусі побач з добрымі людзьмі жанчына ўсё адно бясконца сумавала па родных мясцінах і сваёй сям’і. Калі сітуацыя дома стала крыху спакайнейшай, яна змагла часцей размаўляць з роднымі праз скайп, кожны працоўны водпуск ездзіла да бацькоў. Вырашыла вярнуцца на радзіму: ужо нават дамовілася аб рабоце на Данеччыне па заканчэнні кантракта.

– Толькі на вялікай адлегласці ад блізкіх людзей я адчула, як мне іх не хапае, – узгадвае Антаніна Абярухціна. – Але калі сустрэла будучага мужа, зразумела: там, ва Украіне, радзіма і бацькі, блізкія людзі, а тут пачынаецца новая старонка – мая ўласная сям’я, жыццё на зямлі, якая стане роднай для мяне і маіх дзяцей.

З чыстага ліста

Працуючы разам у медыцынскай сферы, Абярухціны разумелі адзін аднаго без лішніх словаў. Антаніна Ігараўна займала пасаду доктара-фтызіятра ў Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня”, яе муж –  доктара агульнай практыкі ў Новаяльнянскай паліклініцы.

Яны былі знаёмыя адносна нядаўна, але быццам ведалі адзін аднаго ўсё жыццё. Хутка з’ехаліся і сталі жыць разам. Сям’я Міхаіла прыняла выбар сына з радасцю і адабрэннем. Аднак яго бабуля была супраць такога стану справаў:

– У нас так не робіцца, – заявіла яна бескампрамісна. – Кахаеце адзін аднаго – стварайце сапраўдную сям’ю, рэгіструйце шлюб.

На жаль, праз паўгода пасля вяселля яна памерла, пакінуўшы пасля сябе светлую памяць і спадчыну ўнуку – кватэру ў райцэнтры, куды пераехала жыць маладая сям’я.

Антаніна Ігараўна ўзгадвае, што адразу пасля вяселля ёй давялося тры месяцы жыць на радзіме, пакуль ішло афармленне новага пашпарта, муж прыязджаў туды да яе бацькоў, гасцяваў тыдзень, але так і не змог прывыкнуць да гукаў артабстрэлаў і выбухаў, якія раз-пораз урываліся ў, здавалася б, спакойнае жыццё. Сёлета сям’і Абярухціных споўніцца тры гады, якія праляцелі для іх з хуткасцю маланкі.

– Я вельмі шчаслівая, што ў такі важны дзень нараджэння маёй сям’і са мной былі мае бацькі, дзядзька з цёткай – мая другая сям’я, а таксама бацькі мужа, – кажа Антаніна Абярухціна.

Ды сямейнае шчасце засмуціла перажыванне за бацькоў: летась праз родную Данеччыну зноў прайшла лінія фронту і вяліся актыўныя баявыя дзеянні. Яна не раз прапаноўвала тату з мамай, цяпер ужо пенсіянерам, пераехаць у Беларусь. Але бацькі адмовіліся: там іх карані, жыццё. Мама  разам з выхаванцамі інтэрната эвакуіравалася ў Расію, тата застаўся ў Вуглягорску.

Антаніна Ігараўна кожны дзень жыве з думкамі пра блізкіх, але ведае, што надышоў час будаваць сваё жыццё тут і цяпер. Разам з мужам яны шмат працуюць, а кожную вольную хвілінку стараюцца прысвяціць адзін аднаму: шмат падарожнічаюць па Беларусі, краявідам і гісторыі якой не перастае здзіўляцца жанчына. І на пытанне, ці адчувае сябе беларускай, яна дае станоўчы адказ:

– Тут мая сям’я, мая будучыня, тут я пускаю свае карані. Толькі пабачыўшы вайну на свае вочы, я зразумела: жыццё вельмі кароткае, а я хачу проста жыць тут, цяпер і быць шчаслівай.

Антаніна Абярухціна падзялілася некаторымі сваімі разважаннямі і перажываннямі.

Аб ваенных дзеяннях ва Украіне:

“Колькі я сябе помню, палітычныя сілы ў нашай краіне некуды імкнуліся: адны глядзелі на Усход, другія – на Захад, а звычайныя людзі ва ўсе часы хочуць проста жыць на сваёй зямлі ў міры і спакоі”.

Аб падзеях 2020 года:

“Я ніколі не перастану лічыць, што доктар ва ўсе часы павінен заставацца па-за палітыкай, быць нейтральным і добразычлівым да ўсіх. У першыя паўгода інтэрнатуры ў бальніцы я лячыла параненых, напаўжывых украінцаў і рускіх, ніколі не глядзела, чый шэўрон на плячы ў пацярпелага, нават імя не пыталася, проста ратавала жыццё, як магла”.

Аб Беларусі:

“У беларусаў ёсць усё, каб жыць дастойна і быць шчаслівымі ў сваёй краіне. Праца, мір і спакой, багатая гісторыя, прырода. Нават па сваёй прафесійнай сферы сваёй я магу рабіць выснову, як хутка тут усё развіваецца. Сёння мы можам вылечваць туберкулёз цалкам у сціслыя тэрміны! Гэта не можа не выклікаць пачуццё гонару”.

Аб эмігрантах:

“З першых дзён я зразумела, што ў Беларусі гатовы дапамагаць грамадзянам з іншых краін, якія трапілі ў бяду. Але “салодкага” халяўнага жыцця на дзяржаўную дапамогу тут не чакайце. Калі мае знаёмыя з Украіны выказваюць жаданне пераехаць у Беларусь, я задаю ім пытанне: “Вы гатовы працаваць? Тады прыязджайце”. Беларусы шчырыя, гасцінныя, працавітыя людзі, якія самі стварылі дабрабыт роднай краіны і цэняць яго”.

Наталля АВЯРЧУК