Карысць электраэнергіі для людзей вялікая.
Але, калі не выконваць меры перасцярогі, яна ўяўляе сабой смяротную небяспеку для жыцця чалавека. Напярэдадні Адзінага дня бяспекі першы намеснік дырэктара – галоўны інжынер філіяла “Ваўкавыскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” Віктар Клімовіч расказаў, што трэба ведаць кожнаму, каб не атрымаць траўму ад электрычнага току:
– Небяспеку для жыцця чалавека ўяўляюць любыя электраўстаноўкі. Правілы асцярожнасці ў абыходжанні з імі простыя і зразумелыя кожнаму: нельга дапускаць эксплуатацыю электраправодкі і электрапрыбораў з аголенымі токаводнымі часткамі, вынімаць вілку з разеткі за провад, не варта ўключаць або адключаць прыборы ад электрычнай сеткі мокрымі рукамі, уключаць у разетку некалькі магутных электрапрыбораў.
– Сёлета ў Беларусі зафіксавана некалькі няшчасных выпадкаў з-за дзеяння электрычнага току электраперадачы.
– Такі выпадак адбыўся нядаўна і ў Ваўкавыскім раёне. 14-гадовы падлетак лавіў рыбу на возеры каля вёскі Шандры пад правадамі высакавольтнай паветранай лініі электраперадачы напружаннем 35 кВ. Ігнаруючы папярэджанні на плакатах, рыбак наблізіў вудзільна да проваду паветранай лініі, у выніку чаго атрымаў электратраўмы. Ён самастойна дабраўся дадому, праз некалькі гадзін бацькі выклікалі хуткую медыцынскую дапамогу і хлопчыка шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне.
– З-за чаго часцей за ўсё адбываюцца няшчасныя выпадкі з атрыманнем электратраўмаў?
– Калі звярнуцца да статыстыкі электратраўматызму насельніцтва за апошнія 10 гадоў, факты наступныя: у час рыбалкі – 34,2 % ад агульнай колькасці, збор ураджаю з пладовых дрэў – 1,7 %, дэмантаж антэны – 3,4 %, работы грузапад’ёмнай тэхнікі пад паветранымі лініямі – 3,4 %, накідванне на паветраныя лініі – 4,3 %, дотык да абарванага проваду – 6,1 %, гаспадарчыя работы ў двары дома – 6,9 %, пад’ём на апору (свавольства, самавольныя работы) – 7,9 %. Што тычыцца рыбалкі, то хачу дадаць, што вялікая частка сучасных вудзільнаў вырабляецца з вугляпластыкавых матэрыялаў. У іх шэраг пераваг, аднак вельмі рэдка вытворца або прадавец паказвае, што гэты матэрыял валодае токаправоднымі ўласцівасцямі. Для таго каб адбылася трагедыя, такім вудзільнам нават не трэба дакранацца да паветранай лініі электраперадачы, а толькі выпадкова наблізіць яго да высакавольтнай лініі на адлегласць менш за адзін метр, і можа адбыцца электрадугавое перакрыцце. Пры гэтым чалавек атрымлівае апёкі скураных пакроваў і ўнутраных органаў, што ў большасці выпадкаў прыводзіць да смерці.
– Як пазбегнуць бяды?
– На мой погляд, трэба больш уважліва ставіцца да навакольнага свету – не праязджаць на камбайне з паднятай выгрузной трубой і не працаваць з аўтакранам пад паветранай лініяй электраперадачы, не лавіць у ахоўнай зоне рыбу, не адчыняць дзверы электрашчытавых і не пранікаць у трансфарматарныя падстанцыі, утрымліваць у спраўным стане электраправодку ў доме і электрапрыборы, сваім стаўленнем да бяспекі і электрычнасці падаваць прыклад дзецям. І, галоўнае, гаварыць са сваімі роднымі і блізкімі, тлумачыць дзецям аб патэнцыйных рызыках, якія нясе электрычны ток.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga