У Новаяльнянскім сельвыканкаме 27 верасня прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк.
Да Уладзіміра Аляксандравіча звярнулася два жыхары сельсавета.
Пажылую жанчыну хвалявалі ўзаемаадносіны з суседзямі. З-за даўняга непаразумення з гаспадарамі сумежнага ўчастка ў заяўніцы час ад часу ўзнікаюць непрыемныя сітуацыі, пра якія яна і расказала дэпутату. Адна з іх тычылася водазабеспячэння. Як сцвярджае жанчына, да абодвух домаўладанняў вада падведзена з двух водаправодаў. Старая “ўрэзка” засталася з даўніх часоў, а пазней была зроблена новая, на якую ёсць неабходныя дакументы, яна знаходзіцца на балансе камунгаса і афіцыйна выкарыстоўваецца гаспадарамі. Апошняя непрыемнасць (затапленне хлява жанчыны) адбылася, як яна лічыць, менавіта з-за выкарыстання старой, несанкцыянаванай урэзкі яе суседзямі.
Ці так гэта, дэпутат паабяцаў разабрацца разам са спецыялістамі адказных службаў раёна. Пазней ён звязаўся з выконваючым абавязкі дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктарам Дзедулем і дамовіўся, што на адрас заяўніцы будзе арганізаваны камісійны выезд спецыялістаў, якія і высветляць усе акалічнасці ўзніклай сітуацыі.
Яшчэ адзін жыхар сельсавета звярнуўся да дэпутата з заканадаўчай ініцыятывай, якая тычылася сфераў пенсійнага забеспячэння і газавыкарыстання ў побыце. Уладзімір Сіняк прапанаваў новаяльнянцу падрабязна выкласці свае прапановы ў афіцыйным лісце і даслаць яго на адрас Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У такім выпадку ўсе ініцыятывы абавязкова будуць разгледжаны. Калі думкі нашага земляка палічаць карыснымі, безумоўна, у далейшым ім будзе нададзена належная ўвага.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga