Супрацоўнікі Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба запэўніваюць: пачуццё эйфарыі перажываюць усе, хто выбірае для сябе актыўны адпачынак на байдарках.
Люстраная водная гладзь, непаўторныя краявіды Дзятлаўшчыны яшчэ нікога не пакінулі раўнадушным, а наш раён за тры гады стаў папулярным цэнтрам воднага адпачынку. Аб адметнасцях і прыемных момантах сёлетняга байдарачнага сезона расказала дырэктар клуба Вольга Васіленка:
– Сёлетні сезон водных сплаваў на байдарках пачаўся 2 мая (яго адкрылі адразу дзве групы на Шчары і Моўчадзі) і прадоўжыцца да канца кастрычніка. Практычна кожныя выхадныя на працягу амаль чатырох месяцаў мы працуем па заяўках. Ужо арганізавана больш за 40 сплаваў, у якіх паўдзельнічалі каля 400 чалавек. Калі казаць пра геаграфію адпачывальнікаў, то ў нас штогод сплаўляюцца госці з Мінска, Навагрудка, Ліды, Скідзеля. Сёлета далучыліся Брэст, Яраслаўль і Уладзівасток.
– Якія сплавы прапаноўваеце турыстам?
– Тэрыторыю Дзятлаўскага раёна пранізваюць тры буйныя ракі, якія мы выкарысталі ў распрацоўцы чатырох турыстычных маршрутаў: “Шчара – рака партызанская”, “Па хвалях Моўчадзі” і два маршруты “Прынёманскія краявіды”. Кожны, хто адпраўляецца ў воднае падарожжа, можа выбраць свой варыянт адпачынку: больш спакойны, павольны – па Шчары, энергічны – па Моўчадзі. Дзякуючы падтрымцы райвыканкама сёлета мы змаглі палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу: цяпер у распараджэнні клуба 12 байдарак з камплектамі вёслаў і мяшкоў для захоўвання рэчаў ад вады, а гэта значыць, што скарыстацца нашымі паслугамі могуць нават вялікія групы да 25 чалавек. Дастаўку байдарак да месца сплаву і назад таксама арганізоўваем мы самі.
– Для каго падыходзіць адпачынак на байдарках?
– Да нас звяртаюцца людзі рознага ўзросту і заняткаў: як мясцовыя жыхары, так і госці з усёй Беларусі, нават бліжэйшага замежжа, групы могуць быць масавымі або невялікімі. Многія з тых, хто аднойчы выбраў для сябе байдаркі, сталі нашымі пастаяннымі кліентамі. Сплавы замаўляюць маладыя і пажылыя людзі, сямейныя групы, часам з дзецьмі і нават хатнімі гадаванцамі, працоўныя калектывы. Самым “дарослым” удзельнікам сплаву на нашых байдарках было 74 гады, а самаму малодшаму – 3,5 года. Аматарамі актыўнага воднага адпачынку ў нашым раёне з’яўляюцца працоўныя калектывы Дзятлаўскага райЦГЭ, ветстанцыі, раёна электрычных сетак, прафсаюза АПК, ратаўнікі і міліцыянеры, якія кожны год сплаўляюцца разам са сваімі сем’ямі. Заўзятымі байдарачнікамі з’яўляюцца жыхары пасёлка Гезгалы, якія сплаўляюцца арганізаванымі групамі.
– Як даведваюцца пра вас новыя кліенты?
– Інфармацыя пра паслугі па пракаце байдарак размешчана на сайце фізкультурна-спартыўнага клуба, сектара спорту і турызму райвыканкама, у сацыяльных сетках і месенджарах. Таксама мы выдалі разнастайную друкаваную прадукцыю, якая ёсць у грамадскіх установах раёна. Але, скажу шчыра, што самы папулярны шлях распаўсюджвання інфармацыі – гэта “сарафаннае радыё”, калі ўдзельнікі водных паходаў дзеляцца ўражаннямі са сваімі сябрамі і тыя загараюцца ідэяй таксама паспрабаваць.
– Ці ведаюць турысты, што сплаўляюцца па мясцінах трагічных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны, баявой і партызанскай славы беларускага народа?
– Нездарма назвы водных маршрутаў звязаны з ваенным мінулым нашага краю, у Год гістарычнай памяці інфармацыйная работа вядзецца яшчэ больш актыўна. Перад кожным сплавам мы расказваем турыстам гісторыю рэк і падзей, якія на іх адбываліся, акцэнтуем увагу на помніках, прысвечаных загінулым землякам. У інфармацыйных буклетах, якія атрымліваюць кліенты, ёсць QR-коды, па якіх можна атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра кожны маршрут. Неаднойчы турысты наведвалі помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, каб ушанаваць памяць загінулых, ускласці кветкі да брацкіх магіл.
– Што пажадаеце тым, хто яшчэ не плаваў на байдарках, але збіраецца гэта зрабіць?
– Не адкладвайце на потым свае самыя яркія эмоцыі, якія можаце атрымаць яшчэ ў гэтым сезоне, яны будуць саграваць вас увесь год. Нічога не бойцеся: вопытныя інструктары і дакладнае выкананне правілаў бяспекі зробяць ваша падарожжа бяспечным і прыемным. І, нарэшце, даверцеся сабе, навучыцеся цаніць хараство, якое побач. Сплаў на байдарках – магчымасць убачыць сваю малую радзіму пад незвычайным ракурсам, закахацца ў яе прыроду з новай сілай.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga