З Адзінага дня інфармавання. Стан эканомікі, даступнае жыллё і ўчасткі

Галоўнае Улада

На Дзятлаўшчыне 18 жніўня прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

У раёне працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. З жыхарамі Жукоўшчынскага сельскага савета сустрэлася група, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Абмеркавалі тэму даступнасці жылля як важнай задачы для сацыяльнай палітыкі нашай рэспублікі. Яе рэалізацыя ідзе адразу па некалькіх напрамках, аднак больш прыярытэтным стала будаўніцтва арэнднага жылля. Напрыклад, толькі на Дзятлаўшчыне нядаўна былі ўведзены ў эксплуатацыю арэндныя дамы ў райцэнтры па вуліцы 50 гадоў ВЛКСМБ і ў Казлоўшчыне (былы корпус інтэрната). Што тычыцца дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылых памяшканняў для шматдзетных сем’яў, то яе вызначаюць Указы Прэзідэнта РБ № 240 і № 13.

Сярод самых прыкметных навацый у сферы жыллёвага будаўніцтва – падпісаны ў сёлетнім чэрвені Указ № 202 па спрашчэнні парадку ўзвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў. Ён пазбавіць ад бюракратычных затрымак пры будаўніцтве індывідуальнага жылля: у сельскіх населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыі раёнаў, прылеглых да Мінска і абласных цэнтраў, пасёлках гарадскога тыпу і гарадах спатрэбіцца пашпарт забудоўшчыка, а ў іншых сельскіх населеных пунктах – дакумент, які пацвярджае права на зямельны ўчастак з умовай, што адлегласць ад мяжы сумежнага ўчастка да дома складзе не менш за 3 метры, да нежылых капітальных пабудоваў – не менш за 2 метры. Перастануць быць абавязковымі атрыманне дазвольнай дакументацыі, распрацоўка праекта, узгадненне з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і наступная прыёмка ў эксплуатацыю. А сёлетні ліпеньскі Указ № 253 ужо названы “будаўнічай амністыяй”, бо да 2025 года дасць права мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прымаць у эксплуатацыю аднакватэрныя жылыя дамы і нежылыя пабудовы, узведзеныя без дазволаў і праектнай дакументацыі (за выключэннем Мінска).

Пагутарылі і аб тым, што рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў – гэта падмурак стабільнасці дзяржавы. З 1 верасня 2022 года ўступаюць у сілу нормы заканадаўства, якія тычацца магчымасці пакупкі на працягу пяці гадоў (да верасня 2027-га) зямельных участкаў у прыватную ўласнасць ці доўгатэрміновую арэнду па зніжаных цэнах, таксама можна будзе ўзаконіць самавольна занятыя ўчасткі і аформіць па фактычным карыстанні ўчасткі ў садаводчых таварыствах. А з 1 студзеня 2023 года пачне дзейнічаць абноўлены Кодэкс аб зямлі. Ён прадугледжвае пашырэнне паўнамоцтваў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па вызначэнні парадку канфіскацыі і прадастаўлення зямельных участкаў, пераводу зямель з адных катэгорый у іншыя, разгляду зямельных спрэчак мясцовымі выканкамамі, іншыя палажэнні, што спросцяць праваадносіны ў сферы, таксама пачне функцыянаваць дзяржаўная інфармацыйная сістэма “Адзіны рэестр маёмасці”. Сярод важных змяненняў і тое, што цяпер не спатрэбіцца рэгістрацыя грамадзяніна па месцы жыхарства, значыць, у мясцовых органаў улады будзе механізм для навядзення парадку на зямлі ў аддаленых населеных пунктах.

Актуальнымі тэмамі сезона застаюцца выкананне правілаў бяспекі пры наведванні лясоў і прафілактыка гібелі людзей на пажарах. Удзельнікам Дня інфармавання нагадалі, што ў спякотнае надвор’е могуць уводзіцца абмежаванне або забарона на наведванне лясоў, расказалі, як дзейнічаць, калі згубіліся ў лесе. Прыводзіць спёка і да пажараў, а таму актуальнымі застаюцца правілы бяспекі ў час уборачнай кампаніі, на прадпрыемствах, у побыце, прычым надзейным абаронцам жыхароў дамоў і кватэр з’яўляюцца аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, а мабільны дадатак “Дапамога побач” падкажа, як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях і як іх пазбегнуць.

Таксама агучаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці і Дзятлаўшчыны за першае паўгоддзе. Што тычыцца нашага раёна, то тэмп росту валавой прадукцыі ў сельгассектары склаў 102,5 %, яе выраблена на 38 мільёнаў рублёў, у тым ліку ў жывёлагадоўлі – 103,4 %. На 300 кілаграмаў вырас удой на адну карову, сярэднясутачная прывага БРЖ павялічылася на 75 грамаў. Чысты прыбытак сельгасарганізацый раёна павялічаны ў 3,7 раза.

Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў склаў 100,7 % у раённых цэнах. Знешні гандаль вёўся з 14 краінамі. Экспарт паслуг у першым паўгоддзі – 142,8 % да аналагічнага мінулагодняга перыяду. Рознічны тавараабарот гандлю – 102,1 %. Тэмп росту інвестыцый – 109,1 %, што вышэй за мэтавы паказчык. У цэлым выручка ў раёне павялічылася. Цяпер у цэнтры ўвагі – жніво, якое падыходзіць да фінішнай прамой і перасягнула 70 %. Дасягнута добрая ўраджайнасць зерневых – 42,5 ц/га. Парадаваў рапс: намалот 10 700 тон, ураджайнасць – 30,5 ц/га. Ужо пачата сяўба азімага рапсу. Ёсць добрыя спадзяванні на кукурузу. У цэлым, сельскагаспадарчы год выдаўся спрыяльным.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga