Увага – на захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў

Важнае Грамадства

5 жніўня ў 14 гарадах Гродзенскай вобласці прайшлі прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі.

У гэты дзень працавала рабочая група Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якая наведвала ўстановы галіны, размешчаныя ў Прынёманскім краі і вывучала эфектыўнасць іх работы, правяла Адзіны дзень інфармавання.

На Дзятлаўшчыне задаць свае пытанні можна было начальніку аддзела капітальнага будаўніцтва і лагістыкі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандру Бартошыку, які праводзіў прыём і прамую тэлефонную лінію ў будынку раённага выканаўчага камітэта. Аляксандру Аляксандравічу паступіў тэлефонны званок ад дзятлаўчаніна наконт рамонту адной з вуліц райцэнтра і пашырэння асартыменту абутку беларускіх вытворцаў у дзятлаўскім Доме гандлю. Паколькі гэтыя пытанні не адносяцца да профілю галіны культуры, яны адрасаваны ў Дзятлаўскі райвыканкам.

Затым для работнікаў культуры ў гісторыка-краязнаўчым музеі Аляксандр Бартошык правёў Адзіны дзень інфармавання па тэмах “Даступнае жыллё”, “Захаванне і рэканструкцыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў у Беларусі”.

Аляксандр Аляксандравіч адзначыў, што па выніках рэспубліканскага апытання ад інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь жыллёвае пытанне займае 7 месца па актуальнасці пасля праблем росту цэн, алкагалізму, наркаманіі, медыцынскага абслугоўвання, працаўладкавання і іншых. Забяспечанасць грамадзян якасным і даступным жыллём знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. Раскрываючы другую тэму, ён анансаваў, што да канца бягучага года Міністэрства культуры пасля рэстаўрацыі плануе ўвесці ў эксплуатацыю 3 буйныя гісторыка-культурныя аб’екты: Дварцова-паркавыя ансамблі ў Косаве і Жылічах і Калегіум іезуітаў у Гомелі. Яшчэ 14 аб’ектаў уключаны ў інвестпраграму 2022 года, 4 з якіх знаходзяцца на Гродзеншчыне. З фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь запланавана выдзяленне фінансавання яшчэ на 5 аб’ектаў, 3 з якіх – у Прынёманскім краі. Цікавай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якая цяпер знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі, з’яўляецца Полацкая царква са старажытнымі фрэскамі. Усяго ж на пачатак 2022 года ў Беларусі была зарэгістравана 5401 гісторыка-культурная каштоўнасць, таму нам ёсць на што паглядзець і куды падарожнічаць на Радзіме.

Пасля сустрэчы ў музеі Аляксандр Бартошык прадоўжыў сваё знаёмства з установамі культуры нашага раёна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga