Летнія канікулы, як заўсёды, для школьнікаў пралятаюць незаўважна.
Здавалася б, толькі ўчора празвінеў апошні званок, а ўжо заўтра юныя дзятлаўчане зноў сядуць за свае парты і будуць спасцігаць асновы розных навук. Усё лета ўстановы адукацыі раёна прыкладалі намаганні, каб 1 верасня было для дзяцей сапраўдным святам, каб іх сустрэлі абноўленыя, утульныя школы. Ці ва ўсіх гэта атрымалася, абмеркавалі на пасяджэнні райвыканкама.
У 2022-2023 навучальным годзе ў Дзятлаўскім раёне будзе функцыянаваць 12 установаў агульнай сярэдняй адукацыі, 8 – дашкольнай, установа дадатковай адукацыі, установа спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр з сацыяльным прытулкам.
З 1 жніўня бягучага года ліквідаваны Міроўшчынскі дзіцячы сад, а з 1 верасня будзе рэарганізаваны Раготнаўскі дзіцячы сад-базавая школа ў Раготнаўскі дзіцячы сад.
За парты сядзе 2291 навучэнец, з іх 245 першакласнікаў.
У рамках падрыхтоўкі да новага навучальнага года на правядзенне рамонтных работ ва ўстановах адукацыі затрачана 1 384 290,76 рублёў.
Своечасова падпісаны сертыфікаты гатоўнасці ўстановаў адукацыі.
Праведзена з прыцягненнем спецыялізаванай арганізацыі абследаванне будаўнічых канструкцый 6 установаў агульнай сярэдняй адукацыі і 2 – дашкольнай.
Завяршаюцца работы па ўстаноўцы праграмнага забеспячэння на турнікет у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава. Праведзены бягучыя рамонты асфальтабетоннага пакрыцця пешаходных дарожак, фасада Дварэцкага ясляў-сада і вулічнага асвятлення ў яслях-садзе № 1 горада Дзятлава. РУП ЖКГ пачаты работы па абсталяванні пляцоўкі для высадкі і пасадкі пасажыраў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава.
Створаны бяспечныя ўмовы знаходжання выхаванцаў на гульнявых і спартыўных пляцоўках. За кошт прыцягнення спонсарскіх сродкаў плануецца ўстаноўка 7 адзінак абсталявання на дзіцячай гульнявой пляцоўцы Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы.
Дадзены кірунак дзейнасці застаецца прыярытэтным. Да канца года запланавана: набыццё надворнага абсталявання для 4 установаў дашкольнай адукацыі – яслі-сад № 1 і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 райцэнтра, Новаяльнянскі і Дварэцкі яслі-сады; дзіцячай мэблі для ясляў-сада № 1 і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава; камп’ютарнай тэхнікі для Дварэцкага ясляў-сада.
На рамонт харчблокаў затрачана 5 700,00 рублёў.
Ва ўсіх установах адукацыі праведзены бягучыя і касметычныя рамонты, у многіх выкананы работы па кладцы пліткі тратуарнай, рамонты дахаў, замена вокнаў, абсталяваны тактыльныя палосы перад уваходам у будынак цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Значныя работы праведзены па падрыхтоўцы спартыўнай базы да новага навучальнага года. Працэнт забяспечанасці спартыўным інвентаром складае 100 %.
У 2022 годзе прадоўжана пастаўка сучасных кабінетаў фізікі ў Казлоўшчынскую сярэднюю школу, Вензавецкі дзіцячы сад-сярэднюю школу, сярэднюю школу № 1 райцэнтра, Дварэцкую сярэднюю школу, кабінетаў біялогіі ў сярэднюю школу № 3 і гімназію № 1 горада Дзятлава, Гезгалаўскую сярэднюю школу, Круцілавіцкі дзіцячы сад-сярэднюю школу, кабінета хіміі ў Новаяльнянскую сярэднюю школу.
За бюджэтныя сродкі набыта 39 парт з нахілам накрывак для пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 і 50 накрывак для вучнёўскіх сталоў і 8 канторак вучнёўскіх сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.
За пазабюджэтныя сродкі набыта 30 дзіцячых стульчыкаў у яслі-сад № 1 горада Дзятлава, 8 адзінак дзіцячай мэблі, а таксама мэбля для інфармацыйна-метадычнага кабінета ў Казлоўшчынскі яслі-сад. За кошт спонсарскіх сродкаў – сэнсарны стол у Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Для падвозу навучэнцаў выкарыстоўваецца 11 аўтобусаў.
Да новага навучальнага года ў раён прыбыло 11 маладых спецыялістаў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga