Смак нацыянальнага каларыту па-дзятлаўску

Важнае Культура і адпачынак

Культура – жыццё народа, яго душа, яго розум і сэрца, яго мінулае, сучаснасць і будучыня. 

У аснове любой нацыянальнай культуры ляжыць прынцып народнасці, згуртаванасці і традыцыі. Свае традыцыі захоўваюць, берагуць і дзятлаўчане. На працягу года ў населеных пунктах Дзятлаўшчыны праходзіць шэраг мерапрыемстваў, якія цікавыя не толькі для мясцовых жыхароў, але і прывабліваюць турыстаў. Падрабязней пра іх “цікавінкі” расказала загадчыца метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец:

– На нашай зямлі захавалася мноства гістарычных і культурных помнікаў, аўтэнтычных абрадаў, фальклорных і ўнікальных святаў, элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Штогод 5 мая ў вёсцы Ахонава праходзіць аўтэнтычны абрад “Юр’е”. Гэта старадаўняе земляробчае свята ў гонар заступніка сялянскай нівы і хатніх жывёл святога Юрыя. Дзятлаўскі абрад стаў першым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Гродзенскай вобласці, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як адметная рыса праявы лакальнай культурнай традыцыі з прысваеннем катэгорыі “а”.

Унікальная падзея ў культурным жыцці Дзятлаўшчыны – фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, які штогод збірае разам артыстаў і майстроў, аматараў і прафесіяналаў, аб’яднаных жаданнем зберагаць і развіваць традыцыі сямейнай мастацкай творчасці. У рамках фестывалю гасцей і ўдзельнікаў чакаюць любімыя сямейныя стравы, рэцэпты якіх перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Сярод іх абавязкова – “дранікі”. Цяпер гаспадыні Дзятлаўшчыны ведаюць, што з нядаўняга часу гатуюць на сваіх кухнях не проста стравы з бульбы, а гісторыка-культурную каштоўнасць, якая ахоўваецца законам.

Ні адзін госць не вернецца дадому з пустымі рукамі са свята лёну з аграгарадка Дварэц. Беларускі лён – старэйшая сельскагаспадарчая культура, якая апранала і сагравала нашых продкаў шматлікія стагоддзі. Сёння на хвалі ўсплёску цікавасці ў беларусаў да ўсяго нацыянальнага культработнікі падхапілі гэты трэнд і актыўна ўвасабляюць яго ў жыццё. На свяце можна набыць прыгожыя і непаўторныя сувеніры з лёну, зрабіць фотаздымак у крэатыўнай ільняной фотазоне, паспрабаваць розную заправу з насеннем лёну, паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе льняных лялек-абярэгаў.

У чэрвені месяцы на свята вышыванкі ў гарадскім пасёлку Наваельня збіраюцца майстрыхі з розных куткоў Дзятлаўшчыны. Яны дэманструюць свае вырабы на экспазіцыях, якія нагадваюць музей пад адкрытым небам. Ахвотна адказваюць на пытанні пра сакрэты майстэрства. Таксама гасцей свята чакае мега-марш у вышыванцы, дэманстрацыя мадэляў “А-ля вышыванка”.

Штогод у ліпені для гасцей і жыхароў пасёлка Казлоўшчына праходзіць свята “Каб памяталі”, дзе патрыятычнае выхаванне знаходзіць адлюстраванне ў знаёмстве з гістарычнай і культурнай спадчынай раёна.

Яркая самабытнасць, майстэрства і шчырасць выканання. Гумар, паэзія, песні, гульні – усё гэта народны тэатр-студыя гульні “Суседзі” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. “Суседзі” – візітная картка добрага настрою і станоўчых эмоцый. У рэпертуары калектыву канцэртныя, сюжэтныя і абрадава-гульнявыя праграмы: калядныя, велікодныя, юраўскія, купальскія і іншыя. Усе праграмы створаны з мясцовым нацыянальным каларытам, у якіх вырашаюцца жыццёвыя сітуацыі ў жартоўнай форме. Кожная праграма завяршаецца побытавымі танцамі, якія танцавалі нашы продкі.

Фестываль-карнавал роставых лялек і гульнявых праграм “Дасканалы свет казкі” традыцыйна ператварае Дзятлава ў чароўную краіну, а яе “жыхароў” запрашае стаць часткай свята дзяцінства. 10 верасня Дзятлаўшчына будзе сустракаць “Дажынкі” – свята заканчэння збору ўраджаю. У гэты дзень райцэнтр напоўніцца смехам, сонечным святлом, пахам цукровай ваты і самымі незвычайнымі гасцямі –роставымі лялькамі любімых мультыплікацыйных кінагерояў дзяцей і дарослых.

Пакінутыя продкамі традыцыі сталі часткай нашай культуры, ляглі ў аснову сучаснага ўкладу жыцця, аб’ядноўваюць наш народ. Упэўнена, папулярызацыя падзейных святаў, мясцовых брэндаў не толькі дапаможа захаваць культурны код, але і развіваць рэгіянальны турызм.

Ірына КАМАРОВА
Фота з архіва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga