Перамог «Вопыт» (+відэа)

Важнае Спорт і турызм

Любімы від спорту паклікаў на стадыён вёскі Руда Яварская аматараў футбола з усіх куткоў краіны.

Таварыская сустрэча прайшла паміж  камандамі моладзі “Юнацтва” і старэйшага пакалення “Вопыт”.

Спонсарам  спаборніцтваў  ужо некалькі гадоў запар выступае КСУП “Хвінявічы”.

– Наша гаспадарка прымае непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве, падтрымлівае традыцыю вёскі, – расказвае  Ганна Федарэвіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Хвінявічы”. – Сёлета для ўдзельнікаў і балельшчыкаў мы арганізавалі пасадачныя месцы, падрыхтавалі футбольнае поле, для каманды-пераможцы набылі пераходзячы кубак, падарункі. Для жыхароў вёскі гэта вельмі адказнае мерапрыемства, якое яны з нецярпеннем чакаюць кожны год. Спадзяюся, што гэта традыцыя будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, а мы ў сваю чаргу будзем падтрымліваць яе і дапамагаць.

Футбольная традыцыя ў вёсцы пачыналася з гульні паміж настаўнікамі і навучэнцамі мясцовай школы. Затым у спаборніцтвы ўключылісяі прыезджыя. Пасля закрыцця Рудаяварскай школы традыцыю прадоўжыў былы настаўнік фізічнай культуры Дзмітрый Юшкевіч, які цяпер жыве і працуе ў Гродне.

– Кожны год у жніўні мы збіраемся ў роднай вёсцы і праводзім футбольны матч, гэта гульня ўжо дзявятая, – гаворыць Дзмітрый. – Тут можна пабачыць сваіх даўніх сяброў, аднавяскоўцаў. Радуе тое, што з кожным разам жадаючых прыняць удзел у мерапрыемстве становіцца ўсё больш, а таксама гэта  яшчэ адзін стымул для заняткаў спортам.

Кожная гульня была ўпартай, і ніхто не хацеў аддаваць перамогу саперніку, але з самага пачатку спаборніцтва каманда “Вопыт” была мацнейшая. У першым перыядзе яна перамагла каманду моладзі “Юнацтва” з лікам 4 : 2. У другім – з вынікам  5 : 3 старэйшае пакаленне таксама не пакінула шанцаў маладым футбалістам.

Аднак справа нават не ў перамогах і пераможцах, а ў тым, што гэты від спорту з году ў год збірае сваіх прыхільнікаў у роднай вёсцы.

Пасля матчу артысты раёна парадавалі прысутных вясёлымі песнямі.

Вольга ЮШКЕВІЧ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ і Ільі КАВАЛЕНКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: