Маляўнічы куток нашай малой радзімы – вёска Раманавічы Парэцкага сельскага савета.
Летам яна патанае ў зеляніне дрэваў і садоў, ёсць тут і свая “жамчужына” – прыгожае возера, на люстраных хвалях якога, нібы велічныя лебедзі, гойдаюцца і глядзяць ў высокую сінь неба белыя вадзяныя лілеі. Навукоўцы сцвярджаюць, што гэтыя прывабныя водныя расліны любяць выключна чыстую ваду.
Шчодрыя грыбныя лясы і спрыяльная экалогія прывабліваюць у Раманавічы дачнікаў, не спяшаюцца прадаваць бацькоўскія хаты і тыя, хто тут нарадзіўся, а стараста вёскі Марыя Красачка ўвогуле лічыць, што лепшага куточка на свеце для яе не існуе. Марыя Феліксаўна вырасла ў Раманавічах, ведае тут кожнага вяскоўца, кожную лясную сцяжынку і сама стараецца надаць родным мясцінам яшчэ больш прыгажосці, а таму ўжо шмат гадоў вырошчвае на сваім падворку кветкі і дэкаратыўныя расліны, нават на агародзе ў яе – вялікая клумба з рознакаляровымі вяргінямі, якія буйнымі кветкамі радуюць вока ўсіх, хто праязджае па вясковай вуліцы. Каля дзясятка сартоў гэтых яркіх, рослых прыгажунь самых сакавітых колераў – зайздросная калекцыя для любога кветкавода. Але галоўнае, што людзям, знаёмым з традыцыямі беларускай вёскі, яны нагадваюць дарагое сэрцу мінулае – кветнікі нашых бабуляў-прабабуляў, дзе вяргіні займалі сваё пачэснае месца, найчасцей высаджваліся пры ўваходзе на падворак або ўздоўж дарожкі, якая вяла да парога хаты.
Цікаўлюся ў Марыі Феліксаўны, якой была вёска яе дзяцінства канца 50-х – пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя?
– Дружнай, шматнаселенай, гаманлівай, працавітай, гасціннай, – дзеліцца ўспамінамі мая субяседніца. – Мне, маленькай дзяўчынцы, асабліва падабаліся святы, калі з’язджаліся госці, былі падарункі і пачастункі, для дарослых – песні і няспешныя размовы з планамі на жыццё, для дзяцей – вясёлыя гульні.
Марыя Красачка нарадзілася і вырасла ў Раманавічах, у суседніх Накрышках скончыла 8 класаў, паступіла ў Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум, наступным быў тэхнікум лёгкай прамысловасці ў Маладзечне, затым працавала ў Лідзе майстрам на абутковай фабрыцы. У родныя мясціны яе вярнула вестка аб хваробе бацькі. Як клапатлівая дачка, паспяшалася дахаты, каб падтрымліваць родных людзей і дапамагаць на вялікай гаспадарцы. “Камандзіроўка” зацягнулася на гады, за якія Марыя Феліксаўна не толькі навучылася сама спраўляцца з усімі цяжкасцямі вясковага побыту, але і зразумела, што яе карані менавіта тут, што толькі родная зямля дае жыццёвыя сілы і натхненне, якое пераходзіць у вершы, вышыванкі, карціны з алмазнай мазаікі і прыгожа аформленыя клумбы на падворку.
Ужо памерлі бацькі, павырасталі дзеці, але цеплыня роднага дома, як магніт, вабіць іх у Раманавічы.
– Хоць не склалася жаночае шчасце, але не абдзелена я гонарам і радасцю як маці і бабуля, – разважае Марыя Красачка. – Мае дзеці выраслі годнымі людзьмі, патрыётамі сваёй краіны, атрымалі вышэйшую адукацыю. Дачка Кацярына Катлоўская працуе старшым навуковым супрацоўнікам, начальнікам аддзела экскурсаводаў сталічнага музея Вялікай Айчыннай вайны, яе муж Аляксандр – старшы трэнер клуба па самба і дзюдо зборнай Рэспублікі Беларусь, яны гадуюць дзвюх цудоўных дачок Ганну і Варвару, якія таксама любяць спорт. Мой малодшы сын Віталій служыць праваахоўнікам у Гродне, у яго падрастае дачка Яна. Менавіта сын “загарэўся” ідэяй адрамантаваць наш вясковы дом і добраўпарадкаваць падворак, бо сям’я любіць збірацца разам, кожны свой водпуск дзеці абавязкова прыязджаюць у Раманавічы, якія і для іх сталі “райскім кутком”.
Нягледзячы на тое, што рамонт на сядзібе Марыі Красачкі ўжо распачаты і гаспадыня сёлета менш увагі надала кветніку, спадзеючыся на яго далейшыя грунтоўныя пераўтварэнні, вандроўка паміж клумбамі пакінула станоўчае ўражанне. У аб’ектыў фотаапарата трапілі любіміцы гаспадыні – пахучыя лілеі, прыгожыя ружы, велічныя гартэнзіі, самаробны вадаём і штучныя фігуркі вясёлых гномаў, гарэзлівай жабкі, буслоў. З цягам часу ўсё гэта стане прыгожай зонай адпачынку з драўлянай альтанкай, якую тут плануюць усталяваць.
А пакуль Марыя Феліксаўна дэманструе сваю чарговую карціну з алмазнай мазаікі. У яе хапае цярпення, каб аздобіць маленькімі зіхоткімі дробачкамі вялікія палотнішчы, ранейшыя работы яна выконвала для ўпрыгажэння інтэр’ераў кватэр сваіх дзяцей. Змешчаныя ў рамкі, такія карціны выглядаюць не горш, чым палотны мастакоў-жывапісцаў.
Заўважаю і вынікі яе сезоннага захаплення – ціхага палявання. Без ягадных і грыбных “вандровак” не абыходзіцца амаль ні адзін дзень мясцовых вяскоўцаў, якім сілы і ўзрост яшчэ дазваляюць хадзіць у лес. І менавіта ў час паходаў паміж зялёнымі шатамі, пад звонкія птушыныя песні ў Марыі Феліксаўны нараджаюцца вершы, а часам і музычныя творы.
– Мне не патрэбны аловак і папера, – дзеліцца сакрэтамі свайго натхнення наша зямлячка. – Галоўнае – настрой, тады і радкі складваюцца ў галаве, я іх запамінаю, а ўжо дома запісваю ў сшытак. Зборнікаў пакуль не маю, затое маёй здольнасцю да вершаванага слова актыўна карыстаюцца родныя і знаёмыя. То ўнучцы ў якасці хатняга задання выпадзе верш, то сяброўка патэлефануе: “Выручай, заўтра выступаю перад аўдыторыяй”.
Так ці інакш, творы Марыі Красачкі гучаць для людзей, у іх – любоў да Радзімы, праслаўленне працаўнікоў, гісторыі кахання, прыгажосць беларускай прыроды. Яе творы вучаць слухача дабрыні, спагадзе, гонару за ўсё роднае і простай радасці жыцця. Сэрца Марыі Феліксаўны шырока адкрыта для землякоў, яна ніколі не пакідае па-за ўвагай праблемы аднавяскоўцаў, за што і выбрана старастай, не можа прайсці і міма кінутых жывёлін: корміць іх, лечыць і дапамагае прыстроіць у добрыя рукі. З гэтай шчырай і спагадлівай жанчынай можна бясконца размаўляць як на жыццёвыя, так і на філасофскія тэмы, і ў кожным яе слове – мудрасць пакаленняў.
Сучаснай моладзі Марыя Красачка жадае, каб любілі родны край, каб на першым месцы ў іх былі сям’я і дзеці і каб абавязкова вярталіся ў родныя мясціны, бо беларуская вёска з яе лепшымі традыцыямі павінна жыць, прыгажэць і развівацца.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga