З 25 па 31 ліпеня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 85 паведамленняў, 4 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 32 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 49 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 35 правапарушальнікаў, узбуджана 7 крымінальных спраў.
Як снег на галаву
Невядомы злодзей пашкодзіў шыфер на даху і праз паддашак залез у кватэру да пенсіянеркі з Казлоўшчыны, адтуль скраў прадукты харчавання на суму 100 рублёў. Міліцыя адшуквае злачынцу, узбуджана крымінальная справа.
Даў ключы – вывезла рэчы
Палепшыць свой дабрабыт за кошт неабачлівага гаспадара дачнага дома, які перадаў ёй ключы, вырашыла раней судзімая жыхарка раёна. Двойчы жанчына наведвалася на знаёмую дачу ў адной з вёсак і вывезла адтуль бензакасу, тэлевізар, бензапілу і халадзільнік “Атлант”. Аматарка лёгкай нажывы зноў паўстане перад судом.
Адкрыў дзверы злодзею?
Міліцыя адшуквае злодзея, які скарыстаўся неабачлівасцю гаспадара аўтамабіля “Фольксваген Пасат”, прыпаркаванага каля адной з малочнатаварных фермаў раёна, і скраў з салона 150 рублёў і бінокль. Агульная сума ўрону, нанесенага аўтааматару, – 250 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
І дзверы не абаранілі
Праваахоўнікі высвятляюць асобу злодзея, які 29 ліпеня аджаў уваходныя дзверы і трапіў у кватэру па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. У выніку нечаканага “візіту” гаспадар кватэры застаўся без 480 рублёў, якія ён пакінуў у кашальку на ложку. За крадзеж узбуджана крымінальная справа.
Грошы – на інтэрнэт-кашалёк махляру
У непрыемную сітуацыю, якая стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы за махлярства, трапіў навучэнец аднаго з ліцэяў вобласці, жыхар аграгарадка нашага раёна. Хлопец зацікавіўся прапановай аб продажы адзення ў сацыяльнай сетцы “Instagram” і перавёў на інтэрнэт-кашалёк прадаўцу 99 рублёў. Абяцаных рэчаў пакупнік так і не дачакаўся.
Для бадзёрасці?
За мінулыя сем дзён п’янымі на рабочым месцы былі затрыманы вартаўнік і два жывёлаводы з розных гаспадарак раёна. За “сяброўства” з алкаголем на двух парушальнікаў складзены адміністрацыйныя пратаколы, адзін – афіцыйна папярэджаны.
“Бізнес” спынілі праваахоўнікі
У беспрацоўнага жыхара Дзятлаўскага сельскага савета было знойдзена і знішчана 80 літраў самагоннай брагі. Па факце знаходкі міліцыя праводзіць праверку.
Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga