“Дзяжурныя” па ўраджаі. ААТ “Дварэц-Агра” на жніве дапамагае студатрад

Важнае Грамадства

Хуткім вадаспадам ліецца з прычэпа вялікага грузавіка “чорнае золата” – насенне алейнага рапсу, прывезенае на КЗСВ-30 у аграгарадок Дварэц з палеткаў мясцовай гаспадаркі.

Час ад часу асобныя кропелькі-драбінкі праскакваюць міма збожжапрыёмніка сушыльнага комплексу і “прызямляюцца” на пляцоўку побач з ім. Разгрузка скончана, і, як руплівыя пчолы, са шчоткамі і венікамі выходзяць студатрадаўцы: сёлета яны тут “дзяжурныя” па ўраджаі. Задача 11 юнакоў і дзяўчат, якія падзелены на 2 змены і дапамагаюць аграрыям на жніве, – захаваць зернейкі ўраджаю-2022 і тым самым зрабіць свой пасільны ўклад у сёлетні намалот сельгаспрадпрыемства.

Ненадоўга прыпыніць работу працоўную моладзь просіць першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. У яе прыемная нагода: прыехала павіншаваць байцоў з Днём беларускіх студатрадаў, уручыць ім салодкія падарункі, а кіраўніку гаспадаркі Вадзіму Царыку перадаць Падзяку раённага камітэта ГА “БРСМ” за плённае супрацоўніцтва ў час моладзевага працоўнага семестра.

Заадно выдаецца магчымасць пагаварыць пра студатрадаўцаў з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Дварэц-Агра” Аляксандрам Сачыкам. Аляксандр Казіміравіч расказвае, што практыка такога супрацоўніцтва сапраўды дае свой плён, таму ўжо шмат гадоў запар у час жніва гаспадарка прымае студатрад. У саставе атрада пераважаюць навучэнцы з Дварца і вёскі Старына, ёсць і адзін жыхар сталіцы, які гасцюе ў бабулі і вырашыў папрацаваць. Заробкам гаспадарка студатрадаўцаў не крыўдзіць, але і пастарацца за працоўны месяц ім давядзецца нямала. Аляксандр Сачык пажадаў студатрадаўцам здароўя, бадзёрасці духу і не забывацца пра тэхніку бяспекі.

Цікава было бліжэй пазнаёміцца і з самімі студатрадаўцамі. Расказаць пра сябе і “хлебную справу” згадзілася дзяўчына з прыгожым імем Любава Ляўшук:

– Пераходжу ў 10 клас Дварэцкай сярэдняй школы і ўжо другую змену працую ў сельскагаспадарчым моладзевым атрадзе. Мне падабаецца, бо тут школьныя сябры, разам нам весела, вядома ж, даводзіцца прыкладаць фізічныя намаганні, але такая работа. Леташні заробак я патраціла на падрыхтоўку да школы, чым парадавала сваіх бацькоў. Сёлетні мяркую патраціць на дапаможнікі для будучага паступлення. Увогуле лічу, што атрымаць самастойны працоўны вопыт павінен кожны малады чалавек, каб пасталець, зразумець, што менавіта табе падабаецца, і ў будучым выбраць прафесію па душы.

Уражаннямі ад працоўнага семестра падзяліўся і сёлетні выпускнік Дварэцкай сярэдняй школы Алег Пачук:

– Летась я таксама працаваў на сушцы збожжа, таму сёлета не мог не скарыстацца такой жа магчымасцю. Заробленыя грошы спатрэбяцца, бо паступаю ў Мінскі каледж сучасных тэхналогій машынабудавання і аўтасэрвісу. Для сябе выбраў спецыяльнасць “эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання”, пасля навучання мару працаваць на машынабудаўнічым гіганце, напрыклад, сталічным МАЗе ці МТЗ.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: