Пра рэйды па жніве, навядзенне парадку, падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона, захаванне кармоў гаварылі на традыцыйнай штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Правесці “кармавую інвентарызацыю”
Кіраўнік раёна звярнуў увагу аграрыяў на абавязковае выкананне тэхналогіі закладкі кармоў у траншэі, іх укрыцця і кантроль якасці. Андрэй Уладзіміравіч даручыў упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама правесці “кармавую інвентарызацыю” па кожнай гаспадарцы, таксама звярнуць увагу на прадухіленне доступу ў сенасховішчы.
– Не для дзіцячых забаваў сёння нарыхтаваны кармы. Не дапускайце бязладнасці на аб’ектах сельскай гаспадаркі – доступу ў сенасховішчы староннім асобам быць не павінна, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч. – Што датычыцца кармоў, памятайце: ніякія канцэнтраты і энергетычныя сродкі не могуць папоўніць нізкія пажыўныя ўласцівасці сапсаванага сенажу.
Таксама старшыня райвыканкама ўзняў пытанне падрыхтоўкі насення, закупкі гаспадаркамі эліты для пасяўной, зрабіў заўвагу па слабым тэмпе вапнавання глебы.
Безгаспадарчасць вызначыш па галубах на дарозе
Ход уборачнай знаходзіцца на кантролі не толькі кіраўніцтва раёна, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, але і супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама і РАНС.
У пятніцу праваахоўнікі выяўлялі, хто выпусціў машыну з зернем, не накрытую і з незапененымі бартамі. Едзе – і зерне ручаём “сцякае” на дарогу, толькі галубы паспяваюць збіраць. Аказалася, аўтамабіль адной з арганізацый Дзятлава перавозіў збожжа па заяўцы фермера.
– Зразумела, што па нашых дарогах ідзе не толькі транспарт раённых гаспадарак, але якая розніца, такое трэба кантраляваць і спыняць. Галоўнае – зберагчы ўраджай, – паставіў задачу сілавым структурам больш увагі звяртаць на перавозку “хлеба” старшыня райвыканкама.
Абмеркавалі на нарадзе ўзгаранне скірды саломы ўраджаю бягучага года ў КСУП “Войневічы” праз дзве гадзіны пасля яе складзіравання. У выніку агнём знішчана 15 тон саломы. Прычына пажару ўстанаўліваецца. Версіі – падпал і неасцярожнае абыходжанне з агнём неўстаноўленай асобы.
Іншыя тэмы коратка
Гаспадаркі раёна прыступаюць да пасеву азімага рапсу. Плануюць выканаць работы да 25 жніўня.
****
Акцыя “Збяром дзяцей у школу” працягваецца на Дзятлаўшчыне. Амаль у стапрацэнтным аб’ёме аказана дзяржаўная дапамога па выплаце грашовых сродкаў з раённага бюджэту шматдзетным, малазабяспечаным сем’ям і іншым неабароненым катэгорыям. Многія арганізацыі і прадпрыемствы раёна таксама ўжо падтрымалі фінансава сваіх работнікаў, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. На бягучым тыдні да акцыі далучацца грамадскія аб’яднанні.
****
30-га жніўня адбудзецца раённая жнівеньская педагагічная канферэнцыя. Гэтымі днямі праходзіць камісійная праверка гатоўнасці школ і дзіцячых садоў Дзятлаўшчыны да новага навучальнага года.
****
У Дзятлаве 17 Верасня ў Дзень народнага адзінства плануюць закласці капсулу з пасланнем нашчадкам ад моладзі XXI стагоддзя. Тэкст і лакацыю выберуць у адкрытым конкурсе. Інфармацыйнае суправаджэнне ўмоваў правядзення і вынікаў конкурсу будзе ажыццяўляць раённая газета “Перамога”.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga