Дзелавы панядзелак. “Свежы” асфальт, маладыя кадры і барацьба за кожнае зярнятка

Важнае Улада

Аб працы аграрыяў, падрыхтоўцы ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года, матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстановаў культуры, рамонце дамоў і вуліц, маладых спецыялістах гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

На дзятлаўскіх сенажацях

Сельская гаспадарка раёна па выніках сямі месяцаў захоўвае станоўчую дынаміку. Тэмп росту валавой прадукцыі склаў 116 %, рост вытворчасці малака забяспечаны на 114 %.

Што датычыцца ўборачнай кампаніі, кіраўнік раёна ў чарговы раз нагадаў, што перад аграрыямі стаіць задача правесці жніво з мінімальнымі стратамі, а таксама з максімальнай аддачай прадоўжыць нарыхтоўку якасных кармоў, тэхніка на палях павінна працаваць на поўную магутнасць, без прастояў.

Пытанне, якое больш непакоіць сёння старшыню райвыканкама, акрамя, зразумела, непасрэдна жніва, – гэта ўборка саломы. Адкарэктаваць работу прэс-падборшчыкаў і арганізаваць аператыўны вываз саломы з палёў патрабаваў ад аграрыяў Андрэй Уладзіміравіч.

Важным застаецца выкананне дзяржзаказу па здачы збожжа сельгаспрадпрыемствамі раёна, перапрацоўка сыравіны на давальніцкіх умовах.

Энергію моладзі – у стваральнае рэчышча

Сёлета сферу адукацыі раёна папоўняць 10 маладых спецыялістаў, медыцыны – 27, 8 з іх – доктары. На нарадзе абмяркоўвалі не толькі кваліфікацыю новых работнікаў, але і іх першачарговыя патрэбы, галоўную – у жыллі.

– Да маладых спецыялістаў аднесціся тактоўна і з увагай, на кантролі трымаць выкананне сацыяльных гарантый, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, звяртаючыся да сваіх намеснікаў.

Ад таго, якім будзе старт кар’еры, у многім залежыць будучае замацаванне кадраў. Кожны малады чалавек хоча, каб яго заўважылі, разгледзелі талент, здольнасці, навыкі, пачулі жаданні, дапамаглі рэалізаваць задумкі. Важна для кіраўнікоў убачыць гэтую ініцыятыву і накіраваць яе ў правільнае рэчышча.

Школьны “фэйскантроль”

Новы навучальны год сярэдняя школа № 3 у райцэнтры пачне з тэхнічным новаўвядзеннем. Пачалася работа па ўсталяванні прапускнога турнікета ў фае школы. Трапіць старонняму ў школу цяпер будзе практычна нерэальна: калі міма вахцёра яшчэ прайсці можна, то сучасную сістэму пропуску ў выглядзе турнікетаў падмануць не атрымаецца. Каб яна вызначыла вас як свайго, да счытвальнай прылады трэба будзе прыкласці спецыяльную ID-карту, якая будзе толькі ў вучняў і супрацоўнікаў.

Іншыя тэмы коратка

З 1 жніўня на базе ўстановаў адукацыі раёна пачалі працаваць тры летнікі, у якіх адпачывае 101 школьнік.

****

Асфальтаванне вуліцы Кірава ў Дзятлаве завершана. Камунальныя і дарожныя службы на гэтым рамонт дарог у райцэнтры не спыняць. Наступная на чарзе атрымання “свежага” асфальтавага пакрыцця – вуліца Гагарына.

****

Раённаму цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый старшынёй райвыканкама пастаўлена задача рыхтаваць будынак былой школы-інтэрната ў Дзятлаве да будаўніча-рамонтных работ для пераводу яго ў арэнднае жыллё.

– Аб’ект складаны, працэс будзе доўгім, шмат часу спатрэбіцца для карэкціроўкі дакументаў, зносу некаторых струхнелых будынкаў на тэрыторыі былога інтэрната, іншыя работы. Аднак, будзем гэтыя работы пачынаць, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: