Навядзенню парадку на зямлі было нададзена найбольш увагі на штотыднёвай нарадзе старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
На камісійны абыход
На мінулым тыдні ратаўнікі раёна тройчы выязджалі на ліквідацыю ўзгаранняў сухой расліннасці.
– Выклікае напружанне гэта статыстыка, бо практычна ўсе травяныя выпальванні адбываюцца па віне чалавека, з-за яго легкадумных учынкаў. А ў раёне, асабліва ў маланаселеных вёсках або у якіх наогул няма жыхароў, шмат участкаў, якія недагледжаны, своечасова не абкошаны – яны ствараюць пажарную небяспеку. Дарэчы, не толькі пажарную, але і ў выглядзе закінутых, пры гэтым незачыненых і незасыпаных калодзежаў, нябачных у высокай траве, – адзначыў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі і ўзгадаў нядаўнюю трагедыю ў Лідскім раёне, калі мужчына накіраваўся па яблыкі ў закінуты дачны кааператыў і патануў у такім калодзежы.
Андрэй Уладзіміравіч даў заданне адказным службам і старшыням сельвыканкамаў на гэтым тыдні камісійна абследаваць вызначаныя населеныя пункты, правесці прафілактычныя гутаркі з мясцовымі жыхарамі.
– За парадак на тэрыторыях адказваюць не толькі арганізацыі, але і людзі, якія таксама з’яўляюцца землекарыстальнікамі. Недапрацоўвае служба землеўпарадкавання, якая павінна кантраляваць сітуацыю, – падрахункаваў старшыня райвыканкама.
“Не сціхае” работа на палях
Шмат задач пакуль у дзятлаўскіх аграрыяў. Да першага верасня павінны завяршыць сеў азімага ячменю, распачаць пасеў азімых на зялёны корм, прыступіць да ўборкі грэчкі. У гаспадарках яе – прыкладна па 50 гектараў у кожнай. З першага дня восені пачнецца ўборка бульбы. Па завярэннях спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, тэхніка да гэтых работ поўнасцю гатова. КСУП “Жукоўшчына” пачало ўборку кукурузы, “падцягнуцца” гэтымі днямі “Граніт-Агра”, “АграМілк” і “Войневічы”.
Акрамя галоўных “уборачна-пасяўных” пытанняў, старшыня райвыканкама звярнуў увагу аграрыяў на навядзенне парадку на зямлі, прагучалі і заўвагі, паколькі некаторыя гаспадаркі пры ўзворванні пакідаюць участкі ўрадлівай глебы неапрацаванымі, якія пасля зарастаюць кустоўем.
Не чакаць наступстваў
У якім выглядзе будзе працякаць чарговая хваля каранавіруснай інфекцыі COVID-19, якую медыкі прагназуюць ужо ў верасні, не ведае ніхто. Безумоўна, лепш абараніцца ад цяжкіх наступстваў, зрабіўшы прышчэпку або прайшоўшы рэвакцынацыю. Дарэчы, рэвакцынацыя на Дзятлаўшчыне праходзіць даволі актыўна, паказчык вышэйшы за сярэднеабласны – усяго па раёне прайшлі рэвакцынацыю 7202 чалавекі, што складае 30,9 % ад агульнай колькасці насельніцтва. Прышчапляюцца і непаўналетнія – ужо вакцынавана 304 дзіцяці (ад 5 да 17 гадоў).
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga